Сярод тых, хто пакінуў вялікую беларускую фатаграфічную спадчыну першай паловы ХХ стагоддзя, быў беларускі і польскі фатограф з Косава Юзаф Шыманчык (1909-2003), якому 25 красавіка споўнілася 115 гадоў з дня нараджэння.
Заўзяты ідэяй Яна Булгака, які быў прыхільнікам фатаграфавання Бацькаўшчыны, Юзаф Шыманчык з рэпарцёрскім запалам дакументаваў Беларусь — здымаў беларускае Палессе, азёры Белае і Спораўскае, Косава, вёску Пескі (цяпер Бярозаўскі раён), Слонім, Пінск, сялян, рабочых, сцэны быту сельскіх жыхароў, іх цяжкую працу і г.д. Захавалася каля 400 этнаграфічных і дакументальных здымкаў з Палесся. 50 фотаздымкаў у Юзафа Шыманчыка набыў у 1990-х гадах Бярозаўскі гісторыка-краязнаўчы музей. Фатограў падараваў музею і адзін са сваіх фотаальбомаў.
Пасля вайны Юзаф Шыманчык некалькі разоў наведваў Беларусь. У 1999 годзе ён прыязджаў сюды разам са здымачнай групай Варшаўскага тэлебачання. На Косаўшчыне, Слоніме і ў іншых мясцінах, дзе да 1945 года жыў спадар Шыманчык, здымалі пра яго дакументальны фільм “Фатограф Палесся”. Мастак фатаграфіі наведаў мясціны свайго маленства і юнацтва, ён нават змог сустрэцца з героямі сваіх фотаздымкаў, якія яшчэ жылі і нават памяталі, як ён іх фатаграфаваў. Пазней, гэты фільм музею ў Бярозе падаравала дачка Юзафа Шыманскага Ірэна Даманьска.
Пасля вайны Юзаф Шыманчык паехаў жыць у Польшчу, дзе яшчэ сорак гадоў працаваў фатографам у гарадку Кутна. З выхадам на пенсію, у 1985 годзе, ён пераехаў у Лодзь.
Усё, што сфатаграфаваў і пакінуў беларусам і палякам Юзаф Шыманчык у першай палове ХХ стагоддзя, яшчэ па вартасці неацэнена спецыялістамі-этнографамі і гісторыкамі. Яго працы сёння выклікаюць жывую цікавасць ва ўсіх, хто цікавіцца гісторыяй Бацькаўшчыны і хто неабыякавы да яе.
Беларускае Радыё Рацыя