BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Акцыя ў Беластоку да 38-й гадавіны аварыі на Чарнобыльскай АЭС (абноўлена)

У Беластоку, у скверы Вольнай Беларусі, пад сценамі Консульства Беларусі, прайшла акцыя, прысвечаная 38-й гадавіне аварыі на Чарнобыльскай АЭС.  Акрамя гэтага ўдзельнікі акцыі выступілі супраць расейскай ядзернай зброі на тэрыторыі Беларусі.

Разам з іншымі перад вольным мікрафонам выказаўся галоўны рэдактар Беларускага Радыё Рацыя Яўген Вапа:

– Нацыянальная меншасць Беласточчыны ўсім сэрцам і сваімі сіламі дапамагала тым, хто пацярпеў ад Чарнобыля, асабліва дзецям. Будзе жыць Беларусь і перамагаць усе чарнобыльскія няшчасці!

Удзельнікі акцыі:

–  Мая бабуля, мая матуля з вёскі, апошняя вёска перад зонай адчужэння. Мой тата быў ліквідатарам.

–  Мой тата, ліквідатар Чарнобыльскай катастрофы, памёр даўно.

– Ліквідатараў АЭС у 2012 годзе пазбавілі статусу ліквідатараў. На тэрыторыі Беларусі найбольш пацярпелі Гомельская, Магілёўская і Берасцейская вобласці.

– Рэжыму зараз проста выгадна замаўчваць гэтую трагедыю, таму што вінаватай у гэтым была Масква.

– Такія акцыі вельмі важныя. Бо звяртаем увагу на тое, якія праблемы можа прынесці ядзерная энергія.

– Выступаем мы супраць расейскай ядзернай зброі, якая знаходзіцца ў Беларусі.

Цалкам матэрыял слухайце з далучаным файле:

***

26 красавіка ў скверы Вольнай Беларусі, пад сценамі Консульства Беларусі, распачалася акцыя, прысвечаная 38-й гадавіне аварыі на Чарнобыльскай АЭС. Удзельнікі акцыі пераважна прыйшлі  ў чорным адзенні, бо праблема ядзернай бяспекі для Беларусі застаецца актуальнай. 

“У Беларусі плануюцца і будуюцца новыя, зусім не бездакорныя ў сэнсе надзейнасці і бяспекі, АЭС з расейскім бэкграўндам. У Беларусь павярталася расейская ядзерная зброя. Чарнобыль – зусім недалёка, ані геаграфічна, ані храналагічна, ані верагоднасна”, – кажуць удзельнікі.

Беларусы прыйшлі на акцыю, каб паказаць, што памятаюць пра Чарнобыль і яго ахвяр, і ні ў якім разе не хочуць новых ахвяраў у ХХІ стагоддзі івыступаюць супраць расейскай ядзернай зброі на тэрыторыі Беларусі.

Зачытваюцца ўспаміны сведкаў ліквідацыі наступстваў Чарнобыльскай катастрофы 1986 года.

Слова ўзяў галоўны рэдактар Беларускага Радыё Рацыя Яўген Вапа:

“Чарнобыльскі боль даваў сумную, але грунтоўную глебу для яднання беларусаў ва ўзаемадапамозе. У тым ліку ўдзел прымала і Беласточчына. Беларусь Чарнобылям не зарасце”.

Працуе вольны мікрафон. Актывіст Сяргей Верамеенка распавядае пра гістарычнае памкненне Расейскай імперыі да знішчэння сваіх жа жыхароў і суседзяў. У тым ліку праз няўдалыя ядзерныя эксперыменты.

Слова ўзяў прадстаўнік украінскай дыяспары ў Беластока.

Расейская армія ўрывалася ва Украіну і праз Чарнобыльскую тэрыторыю. Паўстае пытанне шкоды ў выніку ваеннага выкарыстання гэтай забруджанай тэрыторыі і пакіданне новага радыёактыўнага следу на тэрыторыі Украіны.

Многія ўдзельнікі мітынгу распавядаюць пра сваё дзяцінства на тэрыторыях блізу Чарнобыльскай АЭС альбо пра бацькоў, якія былі ліквідатарамі:

“Лукашэнка праз калена пераламаў рашэнне аб пабудове Астравецкай АЭС – рашэнне, якое мусіла вырашацца максімальна публічна і дэмакратычна”.

Акцыя завяршылася.

Беларускае Радыё Рацыя