Тэатралізаванае шэсце Трох Каралёў ад Вострай брамы да Кафедральнай плошчы прайшло ў Вільні 6 студзеня.
Трохмятровыя фігуры каралёў – Каспара, Мельхіёра і Балтазара прайшліся па вуліцах Старога горада сталіцы Літвы ў суправаджэнні шматлікай світы. Каралі аднеслі свае дары да каляднай батлейкі на Кафедральнай плошчы і пажадалі жыхарам Вільні шчаслівага года.
Далей урачыстасці працягнуліся канцэртам на Кафедральнай плошчы, падчас якога хор ARTyn выканаў калядныя гімны ды іншыя вядомыя творы.
Пасля адбылося святам для ўсёй сям’і ў двары Віленскага дома настаўнікаў. Там праходзіла акцыя “Да спаткання, Ялінка”. Удзельнікам было прапанавана сімвалічна развітацца з жывымі елкамі, у двары іх чакала спецыяльная машына, якая забірала дрэўцы на перапрацоўку.
Святочны настрой прысутным дарыла анімацыйная каманда Gyvieji žaislai (“Жывыя цацкі”) і маленькія акцёры тэатральнай студыі Bats (“Кажаны”) Віленскага дома настаўнікаў. Ладзілася і спецыяльная музычная інтэрактыўная праграма дзіцячага тэатра “Тэатрукас” з песнямі і гульнямі.
Аб’яўленне Пана — урачыстасць, якую Касцёл адзначае 6 студзеня, успамінаючы ў гэты дзень пакланенне мудрацоў з усходу, што прынеслі Дзіцятку Езусу свае дары: золата, ладан і смірну. Касцельная традыцыя называе гэтых мудрацоў таксама каралямі (адсюль іншая назва свята — Тры Каралі), а іх пакланенне сімвалізуе пачатак Божага Аб’яўлення язычніцкім народам, прадстаўнікамі якіх яны былі.
Згодна са старажытнай традыцыяй, гаспадар дома ў гэты дзень піша крэйдай над уваходам у дом ці на дзвярах пачатковыя літары імёнаў трох мудрацоў: К+M+Б і пазначае год. Цяпер тры каралі лічацца апекунамі ўсіх вандроўнікаў.
У старой літоўскай традыцыі гэты дзень азначае заканчэнне вялікага дванаццацідзённага свята вяртання сонца, падчас якога светлавы дзень даўжэе “на пеўневы крок”.
Беларускае Радыё Рацыя