BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Рэнтабельнасць беларускай рыбы – “мінімальная”

За мінулы год у Беларусі выгадавалі больш за 10,5 тысяч тон рыбы, тэмп росту склаў 110%. Пра гэта паведаміў на прэс-канферэнцыі намеснік генеральнага дырэктара аб’яднання “Белводгас” Дзяніс Заяц, словы якога перадае “Позірк”.

Гаворачы пра спажыванне беларускай рыбы насельніцтвам, ён паведаміў, што “на сённяшні дзень попытам карыстаецца элітная рыба”, падкрэсліўшы, што гаворка ідзе пра карпа. Што тычыцца цэн, то прадукцыю рэалізуюць насельніцтву да дзесяці рублёў за кілаграм. І тут паўстае праблема рэнтабельнасці. Мэнэджар кажа, што рэнтабельнасць па рыбе ў сярэднім не перавышае па арганізацыях 5-6 працэнтаў, па галіне вагаецца ў межах трох працэнтаў. Гэта амаль мінімальныя лічбы. А прычына – жорсткая канкурэнцыя з боку расейскага рынку. Хоць, падкрэслівае Дзяніс Заяц, беларускі карп – гэта ўсё ж свежая рыба, а расейская рыба часта пастаўляцца з далёкіх рэгіёнаў, і гэта “не можа не аказваць уплыву на смак”.

Дзе плацяць самыя высокія і самыя нізкія заробкі ў Беларусі

Самы высокі сярэдні заробак у сакавіку быў у Менску — 3005 рублёў або 930 даляраў у эквіваленце, самы нізкі — у Магілёўскай вобласці – 1774 рублі. Такія звесткі публікуе Белстат. Гэта сумы да выліку падаходнага падатку, які складае 13 працэнтаў, і абавязковых страхавых унёскаў у Фонд сацыяльнай абароны, гэта яшчэ адзін працэнт.

У цэлым па краіне сярэдні заробак у сакавіку склаў 2 тысячы 161 рубель, і гэта на 135,4 рубля больш, чым у лютым. Больш за ўсё па-ранейшаму можна зарабіць у IT. У сферы “Інфармацыя і сувязь”, паводле звестак Белстата, сярэдні заробак у сакавіку перавысіў шэсць тысяч рублёў. У той жа час самы нізкі заробак назіраецца ў сферы паслуг па часовым пражыванні і харчаванні – у межах паўтары тысячы рублёў.

У Гарадзенскай вобласці яйкі даражэюць самымі хуткімі тэмпамі

Па выніках першага квартала рост цэн на яйкі ў Гарадзенскай вобласці аказаўся ў 15 разоў большым, чым у Менскай. Так на Гарадзеншчыне за тры першыя месяцы года яйкі падаражэлі амаль на пяць працэнтаў, а на Меншчыне – менш як на палову працэнта. Пра гэта сведчыць праведзены “Позіркам” аналіз даных Белстата. Таксама істотна падаражэлі яйкі на Гомельшчыне – рост больш як на чатыры працэнты, на Віцебшчыне – амаль на 2,5 працэнты.

Колькі зарабляюць украінцы ў Польшчы?

Больш за палову ўкраінцаў, якія працуюць у Польшчы, атрымліваюць мінімальны заробак або заробак, які крыху перавышае мінімальны. Толькі кожны дзясяты грамадзянін Украіны зарабляў больш за пяць тысяч злотых “бруднымі”. Гэта вынікае з новых дадзеных “Барометру польскага рынку працы” Personnel Service. Больш за тое, 48% украінскіх работнікаў даюць рады жыць на суму, якая не перавышае 500 злотых у месяц.

Паводле звестак на канец сакавіка, у Польшчы больш за 762 тысячы грамадзян Украіны плацілі страхавыя ўзносы ў ZUS, і гэта на тры працэнты больш, чым годам раней. Да таго ж, украінцы складаюць самую вялікую групу іншаземцаў, якія плацяць гэтыя страхавыя ўнёскі.

Беларускае Радыё Рацыя