BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Памёр Алесь Клышка

23 красавіка ў Менску раптоўна памёр кандыдат тэхнічных навук, былы гулец менскай футбольнай каманды «Тарпеда», паэт і публіцыст Алесь Клышка.

Алесь Клышка – быў унікальным і таленавітым чалавекам. Ён нарадзіўся 8 сакавіка 1948 года і ўсё жыццё пражыў у Менску. Скончыў Беларускі політэхнічны інстытут. Абараніў кандыдацкую дысертацыю. Меў 13 патэнтаў на вынаходніцтва ў галіне экалагічна чыстых тэхналогій і аховы навакольнага асяроддзя, аўтар 115 навуковых публікацый.

А яшчэ – Алесь Клышка вядомы ў мінулым футбаліст. Ён гуляў за менскую каманду «Тарпеда», быў нават капітанам каманды. У «Тарпеда» Алесю Клышку пашчасціла пагуляць з «зоркамі» беларускага футбола: Мікалаем Журавенкам, Дзмітрыем Карнеевым, Анатолем Глебам, Мікалаем Іваніцкім…

Роднаму Менску Алесь Клышка прысвяціў некалькі сваіх кніг. Адна з іх так і называецца «Менская зямля». Пра Менск напісана шмат твораў, але Алесь Клышка зрабіў гэта па-іншаму, па-свойму арыгінальна і шчыра. «Менская зямля» – гэта маленькі гімн Менску, менскай зямлі і менчукам. Гэта паэма-роздум аб сваёй сям’і, аб людзях, якія жылі побач, гэта паэма-памяць, паэма-сумленне і паэма-настальгія.

Алесь Клышка яшчэ быў паэтам-лірыкам, публіцыстам, цікавым суразмоўцам. У суаўтарстве з паэтам Знічом (Алегам Бембелям, інакам Мікалаем) з Жыровіч ён выдаў чатыры кнігі роздумаў-дыялогаў: пра час, Айчыну, шляхі зямныя і вечныя («Жыровіцкія камяні» (2006), «Шлях да Жыровічаў» (2007), «Жыровіцкая пастараль» (2009) і «Званіца» (2016)).

Алесь Клышка яшчэ напісаў і выдаў шмат паэтычных зборнікаў, сярод якіх – «Ад каранёў да кроны», «Далёкае – блізкае», «Сустрэча», «Стрэчанне» і іншыя. Ён падрыхтаваў і выпусціў фільм па гісторыі Менска «Менская зямля», а таксама шэраг аўдыёкнігаў і музычных стужак. Некалькі зборнічкаў вершаў аўтар напісаў і для дзяцей.

Развітанне з Алесям Клышкам адбудзецца 25 красавіка з 17 гадзін у храме Усіх Святых на вуліцы Каліноўскага ў Менску. Там адбудзецца і адпяванне ў пятніцу, 26 красавіка ў 10.30. Пахаваюць Алеся Клышку на могілках «Лясное».

Беларускае Радыё Рацыя