Былы старшыня зліквідаванай уладамі Партыі БНФ, палітвязень Рыгор Кастусёў хворы на рак, у студзені яму ўзмацнілі рэжым адбыцця пакарання.
Апошнія навіны ад Кастусёва паведаміў у Фэйсбуку зяць палітвязня Дзмітрый Антончык: “Дайшлі весткі ад Рыгора Кастусёва. Піша, што са здароўем усё вельмі дрэнна”.
У студзені Кастусёва перавялі з калоніі на турэмны рэжым, ён быў этапаваны ў гарадзенскую турму. Як раней паведамляў Антончык, апошнія месяцы ў калоніі “Воўчыя норы” былі вельмі цяжкімі, а доўгі этап у Гародню дадаткова падкасіў здароўе палітвязня. Вядома, што ў Рыгора Кастусёва анкалагічнае захворванне. У зняволенні ён не мае магчымасці атрымліваць неабходную медычную дапамогу.
Нагадаем, у верасні 2022 года Менскі абласны суд прыгаварыў Рыгора Кастусёва да 10 гадоў пазбаўлення волі нібыта “за спробу дзяржаўнага перавароту з мэтай звяржэння ўлады неканстытуцыйным шляхам”.
Беларускае Радыё Рацыя