Расейскае выданне «Медуза» 4-га студзеня апублікавала фільм, прысвечаны падзеям 2020 году ў Беларусі. Дакументальную стужку «Паглядзіце наверх» выпусціла берлінская студыя Narra, заснаваная расейцамі, якія эмігравалі.
«Гэта пранізлівая гісторыя пра тое, што ў чалавека ёсць магчымасць выбіраць — нават у самыя беспрасветныя часы. Спадзяемся, гэты фільм зможа вас падтрымаць», — гаворыцца ў анонсе да фільму.
У цэнтры сюжэту — два героі, якія «маглі б быць добрымі суседзямі ці знаёмымі, але апынуліся адзін супраць аднаго, у ролі ахвяры і агрэсара». «Здавалася, што яны ня могуць зрабіць нічога. Аднак абодва даказалі, што гэта не так, што ёсць шлях паміж адчайным подзвігам і бесчалавечнай абыякавасцю».
На пачатку фільма аўтары папярэджваюць, што «змянілі некаторыя арыгінальныя кадры», бо сілавікі ў Беларусі працягваюць хапаць удзельнікаў пратэстаў 2020 году па фота і відэа, зробленых падчас пратэстаў.
Беларускае Радыё Рацыя