BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Зянон Пазьняк: Найбольшае шчасце — незалежнасць Беларусі

Аднаму са старэйшых беларускіх палітыкаў Зянону Пазьняку сёння 80 гадоў. Таму першае нашае пытанне да паважанага чалавека, патрыёта, госця Беларускага Радыё Рацыя які, без перабольшвання скажам, аддаў сваё жыццё, для Беларусі, было пра шчасце.

Які перыяд свайго жыцця спадар Зянон лічыць самым шчаслівым ці, можа быць, найбольш цікавым, ці гэта супадала, ці разышлося ў часе? І вось, што пачулі ад юбіляра ў адказ:

— Усё жыццё, нягледзячы, што яно было вельмі цяжкім, яно карысна для маёй душы. Усе цяжкасці, што былі, хваробы, усе памылкі, яны карысныя для душы. Найбольш адчуваў сябе шчаслівым, такое шчасце мала хто, відаць, адчуваў — незалежнасць Беларусі. Калі незалежнасць была абвешчаная, Пётра Садоўскі сказаў „Быў час, калі мы былі гістарычна шчаслівымі“. Усё жыццё за гэта змагаўся, і гэта настала. Няма словаў, каб перадаць гэты стан. Мы плакалі, абдымаліся на плошчы з незнаёмымі людзьмі.

РР: Ці ёсць нейкія рэчы ў вашым жыцці, пра якія даводзілася многа шкадаваць? Ці ёсць адчуванне, што калісь штось зрабілі не так? Або адчуванне, што нічога не зрабілі, а варта было паспрабаваць?

— У мяне няма прэтэнзіяў да свайго жыцця, якое б яно не было. Адзінае што, успамінаеш нейкія прыватныя адносіны, нейкія крыўдныя словы, якія сказаў — пра гэта шкадую. З некаторымі людзьмі заводзім нейкія адносіны, а лепш бы іх не знаць — пра такія рэчы шкадую. Але не было такіх сітуацый, калі мы зрабілі кардынальную бяду або памылку. Жыццё было вельмі складаным, шмат таго, што я перажыў, наўрад ці хто перажыў. Мой прынцып, як кажуць, ніхто не мае бачыць тваіх перажыванняў, тваёй крыві. Але небяспека страты жыцця была разоў сем-восем, пачынаючы з малых гадоў. Апошняе, гэта 1996 год, але я цудоўна разбіраўся, была мажлівасць мяне забіць, калі былі створаныя эскадроны смерці, і першым павінныя былі мяне кончыць за загадам Лукашэнкі. Я перажыў тое, што многія людзі перажывалі, гэта пачуццё голаду, не адзін раз. І шмат іншага такога, якое ніхто не мае ведаць. Апынуўшыся за мяжой, амаль 30 гадоў там, гэта страшнае жыццё, страшнае выжыванне, страшныя пакуты. Ніхто не ведае і ведаць не будзе. Я заўсёды ўсміхаюся, заўсёды на вярху. Ніхто нічога не знае. І ўсё ўдалося. Прынцып мой такі, што калі, тыя цяжкасці, што табе Бог пасылае, якія для твайго дабра, няможна крыўдзіцца ні на кога. Я азірнуўся, усе гэтыя цяжкасці, якія давялося прайсці, далі шмат што зразумець. А каб іх не было, я б не ведаў. Я толькі ўдзячны Богу, што гэтыя цяжкасці былі. Цяпер шмат што ведаеш...

Цалкам слухайце ў далучаным гукавым файле

Мы ад імя слухачоў Беларускага Радыё Рацыя віншуем спадара Зянона з юбілеем, зычым добрага здароўя, плённай працы і доўгіх гадоў жыцця. Вы нам патрэбны, спадар Зянон! Шчыры дзякуй Вам за ўсё, што Вы зрабілі для Радзімы.

Нагадваем, што з 21 красавіка да 16 чэрвеня кожную нядзелю (акрамя 5 траўня) у апошнюю гадзіну эфіру “Нядзеля з Рацыяй” (15.35 польскага часу, 16.35 – беларускага) будзе гучаць адмысловая праграма “Вочы ў вочы”. Яе аўтарамі ёсць нашы журналісты, а суразмоўцам – Зянон Пазьняк. Слухаць гэтыя перадачы таксама можна на нашым сайце ў падкастах.

Беларускае Радыё Рацыя