BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Таццяна Нядбай: Лічым небяспечным называць пераможцаў прэміі, якія знаходзяцца ў Беларусі

Аўтары паэтычных кніг маюць шанец паказаць сваю творчасць шырокай публіцы і атрымаць прызнанне ў літаратурных колах. Але ёсць асаблівасці – можна застацца ананімным, калі вы ў Беларусі. Распачаўся прыём заявак на паэтычную прэмію імя Наталлі Арсенневай за найлепшую кнігу паэзіі на беларускай мове.

Гэта адна з шэрагу прэмій, якія ўручае Беларускі ПЭН. Расказвае яго старшыня Таццяна Нядбай:

-Прэмія адзіная, бадай што, за паэзію. Хаця ёсць яшчэ прэмія “Дэбют” і там ёсць намінацыя “паэзія”. І ёсць прэмія перакладчыцкая імя Карласа Шэрмана і там таксама ёсць паэтычныя кнігі, але гэта ўсё ж такі пераклады на беларускую мову, а не арыгінальныя. Для большасці пісьменнікаў, якія выдаюць не першую кнігу, гэта адзіная прэмія за паэзію сёння ў нас. Імя патронкі гэтай прэміі – Наталля Арсеннева – беларуская паэтка, якая вымушаная была выехаць у эміграцыю. Так сталася, што партнёрамі гэтай прэміі сталі таксама нашыя эмігранцкія асяродкі. Гэта Фонд культуры і адукацыі  Алы Орса-Рамана, Міжнароднае таварыства беларусаў Вялікабрытаніі, сёлета таксама Алеся Кіпель разам са сваім братам падтрымалі гэтую прэмію фінансава, каб мы маглі яе рэалізоўваць.

На жаль, у сувязі з тым, што імя патронкі прэміі Наталлі Арсенневай – аўтаркі нашага гімна “Магутны Божа” лукашэнкаўская прапаганда зневажае і выкарыстоўвае ў выключна негатыўных кантэкстах, мы не лічым бяспечным абвяшчаць пераможцаў прэміі, якія знаходзяцца ў Беларусі. І таму насуперак прыродзе прэміі, мы вырашылі не публічыць тых, хто не гатовы публічна называцца лаўрэатам.

Сёлета плануюць уручыць ажно дзве ўзнагароды – за кнігі, якія выдаваліся ў 2022 і 2023 гадах. Заяўкі для ўдзелу ў конкурсе прымаюцца да пятага траўня.

Цалкам гутарка:

Беларускае Радыё Рацыя