BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Валянціна Трыгубовіч: Сістэматызацыя таго, што ў нас ёсць, ідзе паступова

Над чым цяпер працуюць і якія архівы захоўваюць прадстаўнікі Фундацыі Крачэўскага ў ЗША? Ці інфармацыя пра беларусаў і беларускую спадчыну некалі была сістэматызаваная? Якія скарбы цяпер там можна знайсці? Над адказамі на такія ды іншыя пытанні разважала нашая сённяшняя Госця Рацыі – сябра Рады дырэктароў, архівіст Беларускай фундацыі Крачэўскага/Belarusian Kreceuski Foundation Валянціна Трыгубовіч у размове з Алісай Поль.

РР: Давайце спачатку распавядзем, якім чынам адбываўся збор матэрыялаў для вашага архіву. Як даўно гэта было?

Валянціна Трыгубовіч: Гэта было ў 1958 годзе. Група беларускіх эмігрантаў стварыла грамадскую арганізацыю, якую назвалі Фундацыя імя Пётры Крачэўскага, і ў 1959 годзе гэтая арганізацыя была зарэгістраваная амерыканскім урадам. Ініцыятарам стварэння гэтай арганізацыі быў Мікола Абрамчык, тагачасны старшыня Рады БНР. Ён быў вялікі палітык, ён бачыў шмат што наперад і ён выказаў думку, што мусіць быць архіў і музей беларускай эміграцыі, які будзе расказваць пра тое, як жывуць беларусы ў вольным свеце, што яны робяць, то бок, чалавек думаў пра нас з вамі, пра тое, каб мы ведалі, што было раней.

РР: А ці вядома, якія звесткі былі сабраныя першымі, што гэта было? Гэта былі нейкія дакументы, фотаздымкі ці яшчэ нешта?

Валянціна Трыгубовіч: Пачыналася ўсё з таго, што сабралі грошы, як раз Рада БНР дала першы спонсарскі ўнёсак, і была набытая маёмасць, нерухомасць, каб было куды збіраць. Але нашыя людзі больш думаюць пра сённяшні дзень, чым пра нейкую далёкую будучыню, і таму гэтае памяшканне выкарыстоўвалася для сустрэчаў, для сходаў, для лекцый, для заняткаў дзіцячай школкі, танцавальнага гуртка. Памяшканне выкарыстоўвалася як грамадска-культурны цэнтр. А калі хтосьці меў магчымасць штосьці аддаць у будучую бібліятэку, архіў-музей, то гэта проста складвалі ў склепе і яно ляжала шмат-шмат гадоў.

РР: А за гэты час ці хтосьці разбіраў гэтыя матэрыялы, рабіў іх пералік?

Валянціна Трыгубовіч: На вялікі жаль, у тым і ўся нашая сёння праблема, што гэтага ніхто не рабіў, ніхто не запісваў, што прыйшло і што хто тут ўзяў. Усе вольна карысталіся. І цяпер, калі я атрымліваю ад старэйшых кнігі з яго бібліятэкі, якія ён ахвяруе фундацыі, я знаходжу кнігі папярэднікаў, якія былі тут, потым былі пазычаныя для карыстання і вярнуліся ў фундацыю праз дзясяткі гадоў.

РР: Ці падзеленыя на катэгорыі гэтыя матэрыялы? Ці ёсць нейкая сістэматызацыя?

Валянціна Трыгубовіч: Так, цяпер гэта, як кажуць мае ўнукі, у працэсе. У нас цяпер падзелена: кнігі асобна, гэта бібліятэчная частка; архівы, гэта тое, што існуе ў адзінкавым экземпляры – дакументы, рукапісы, пратаколы, усё, што можна назваць дакументамі часу і эпохі, гэта другі раздзел, і трэці раздзел – гэта фактычна выключна музейныя экспанаты, іх можна назваць матэрыяльнай культурай.

РР: На вашую думку, якія самыя значныя матэрыялы былі сабраныя за гэты час?

Валянціна Трыгубовіч: Сістэматызацыя таго, што ў нас ёсць, ідзе паступова. Літаратура, выдадзеная ў эміграцыі, або тая, што піша пра беларускую эміграцыю, у нас ужо дастаткова шырока прадстаўлена, і ў нас ужо можна пазнаёміцца з перапісам гэтай літаратуры для навукоўцаў. Кнігі мастацкай літаратуры, за выключэннем якія былі выдадзены ў эміграцыі, мы не збіраем, мы аддаём у іншыя кніжныя зборы ў межах Нью-Ёрку, бо нам ужо сёння ў нашым памяшканні цесна.

Цалкам размова:

Некамерцыйная арганізацыя Беларуская фундацыя Крачэўскага існуе з 1959 года. Заснаваная беларусамі-імігрантамі ў Нью-Ёрку і дзейнічае да сённяшняга часу.

Беларускае Радыё Рацыя