BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Вольга Аполька пра сваю кнігу на паляшуцкай мове

Вольга Аполька родам з вёскі Опаль, што на беларускім Палессі, але зараз яна жыве на другім канцы свету, у Новай Зеландыі і працуе ў сферы IT. Аднак Вольга не забывае на свае карані, папулярызуе мову і звычаі родных мясцін. Дзяўчына вядзе свой Instagram на гэтую тэму, а цяпер рыхтуе да друку ў Польшчы сваю кнігу, якую напісала на паляшскай мове і прысвяціла сваёй бабулі. Кніга складаецца з дзвюх частак — непасрэдна мастацкі твор, напісаны на адной з унікальных палескіх мікрамоў, а таксама ангельскі пераклад.

“Госця Рацыі” аўтарка кнігі “Мое баба — Діректор морга” Вольга Аполька пра сам твор і жыццё ў вёсцы Опаль:

– Я нарадзілася ў маленькай вёсцы, у Беларусі, якая знаходзіцца на Палессі, вёска называецца Опаль, гэта ад Пінска дзесьці 40 хвілін ехаць трэба, да Драгічына 30 хвілін. Гэта такі наш арыенцір. Можа хтосьці ведае такую больш буйнейшую вёску і больш знакамітую, якая знаходзіцца побач з маёй, гэта вёска Моталь. Там робяць каўбасы, кажухі раней рабілі. Я ў вёсцы нарадзілася і жыла да 17 год, да таго моманту, калі я з’ехала ў Менск, вучыцца ва ўніверсітэце. Маё станаўленне, жыццё падлетка. Зараз на дадзены момант я жыву ў Новай Зеландыі.

РР: Нядаўна чытала такі выраз, што ў ЗША, калі сустракаеш беларуса, то ён з Гарадзенскай вобласці. Ці назіраеце вы такую залежнасць, што калі сустракаеш беларуса ў Новай Зеландыі, то дакладна з Палесся.

– Не, няма такога. Увогуле я не вельмі шмат тут беларусаў сустракала.

РР: Раскажыце, як паўстала ідэя кнігі пра бабулю, пра вёску Опаль? Пра што вы больш пісалі, пра бабулю ці пра вёску? Што атрымалася ў выніку? Што выйшла наперад, гераіня ці месца жыхарства?

– Кніжка, я б сказала, што самы вялікі рухавік гэтай кніжкі гэта напэўна смутак па бабулі, вялізная любоў да яе, разуменне таго, што бабуля гэта гераіня. Пра такіх бабуль трэба пісаць, трэба гаварыць. Канешне там такімі асобнымі прычынамі былі прычыны, калі я з’ехала, то дзесьці з год у мяне быў такі пошук самой сябе, усведамленне хто я такая, што я магу рабіць і як я магу быць звязана са сваімі родным месцам.

Таму спачатку нарадзілася ідэя рабіць блог, а потым таксама паралельна нараджалася ідэя, што хочацца неяк задакументаваць гісторыю бабулі і задакументаваць яе менавіта на опальскай мове. Каб гэтая мова жыла, каб людзі маглі яе пачуць, недзе прачытаць і так далей. У выніку, калі ўсё было скончана, калі я сама пачытала, калі чыталі першыя рэдактары і сябры.

У выніку выйшла “трушная” гісторыя жыцця і можа смерці таксама, бо смерць там вельмі важная тэма людзей у беларускай палескай вёсцы. Можна сказаць, што гісторыя пра маю бабулю, але калі трошкі абстрагавацца, падумаць і паглядзець на гэтую гісторыю, то ты бачыш у гэтай маёй бабулі ды ў іншых жыхарах, якіх я паспрабавала паказаць. Калі глядзіш, то гэта проста такое адлюстраванне нейкага зрэзу жыцця людзей з вёскі.

Было цікава, калі чыталі людзі менавіта з Палесся гэтую кніжку. Яны казалі, што злоўленыя ўсе гэтыя героі вельмі блізка да сэнсу, што менавіта такія людзі там у іх у вёсках ёсць. Таму мне здаецца, што гэта ўжо гісторыя такая агульная. Нават калі там галоўнай гераіняй з’яўляецца мая бабуля, то ўсё роўна гэтую гісторыю можна перанесці на іншыя беларускія вёсачкі.

Кнігу можна замовіць тут

Поўную гутарку слухайце ў далучаным гукавым файле:

Беларускае Радыё Рацыя