25 красавіка спаўняецца 120 гадоў з дня нараджэння беларускага літаратуразнаўца, доктара філалагічных навук, прафесара, акадэміка Васіля Барысенкі (1904-1984).
Нарадзіўся Васіль Барысенка ў Барысаве ў сям’і чыгуначніка. Працоўны шлях пачаў чорнарабочым на чыгунцы. У 1924 годзе скончыў Барысаўскі педагагічны тэхнікум. Два гады працаваў настаўнікам у пачатковай школе.
У 1929 годзе скончыў літаратурна-лінгвістычнае аддзяленне Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. Вучыўся ў аспірантуры пры Акадэміі навук БССР,
Працаваў у Менскім педагагічным інстытуце. З 1932 года стаў дэканам літаратурнага факультэта Менскага педагагічнага інстытута. У 1937—1941 гадах Васіль Барысенка узначальваў Інстытут літаратуры і мовы Акадэміі навук Беларусі.
Васіль Барысенка вывучаў пытанні тэорыі і гісторыі беларускай літаратуры, праблемы тэксталогіі беларускай літаратуры, выступаў як літаратурны крытык, даследаваў творчасць Францішка Багушэвіча, Янкі Купалы, Якуба Коласа, Паўлюка Труса, Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча, Тараса Шаўчэнкі.
Выступаў у друку з крытычнымі і літаратуразнаўчымі артыкуламі з 1932 года. Ён з’яўляецца аўтарам артыкулаў «Т. Р. Шаўчэнка і беларуская літаратура», «Шаўчэнкаўскія матывы ў творчасці Янкі Купалы» (абедзве — 1939), «Тарас Шаўчэнка і Янка Купала» (1940), «Тарас Шаўчэнка» (1962) і іншых.
Беларускае Радыё Рацыя