BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Агляд прэсы: Вакно магчымасцяў

  • Дэпутаты літоўскага парламента адхілілі прапанову пра абмежаванне паездак беларусаў і расейцаў на радзіму
  • Што дапаможа Украіне?
  • Эрдаган прыняў у сябе кіраўніка ХАМАС

«Сейм літоўскага парламента ў аўторак адхіліў прапановы абмежаваць паездкі на радзіму грамадзян Расеі і Беларусі», – перадае мясцовае выданне lrt.lt.
«Чацвёра дэпутатаў-кансерватараў прапанавалі дадаць у закон пра нацыянальныя санкцыі палажэнне пра ануляванне дазволаў на часовае пражыванне, выдадзеных грамадзянам Расеі і Беларусі, калі яны выязджаюць у Расею ці Беларусь часцей за адзін раз на працягу 12 месяцаў. За гэтыя прапановы прагаласавалі 20 дэпутатаў, супраць – 47, устрымаліся – 45. Галасаванне за адну паездку дадому на тры месяцы было 41 за, 37 супраць і 39 устрымаліся. Аўдронюс Ажубаліс, адзін з суаўтараў, сказаў, што гэтая мера паменшыць паток людзей, якія падарожнічаюць паміж Літвой і дзвюма краінамі, што, на думку афіцэраў спецслужбаў, павышае рызыку іх вярбоўкі замежнымі спецслужбамі/ Але прапанаванае рашэнне неадэкватнае, яно распаўсюджваецца толькі на вельмі вузкае кола падарожнікаў, і незразумела, чаму трэба забараніць вяртанне ў Беларусь толькі беларусам. Чаму літоўцы могуць ехаць у Беларусь і ні ў чым не абмяжоўваюцца? Яны таксама могуць быць завербаваныя беларускімі службамі, незалежна ад іх нацыянальнасці.
«Мы прагаласавалі за тое, каб беларусы, якія маюць від на жыхарства ў Літве, маглі бачыцца са сваякамі або перыядычна ездзіць у Беларусь. Мы не прымалі рашэнне аб’яўляць усіх беларусаў пагрозай», – так заявіў дэпутат Томас Тамілінас ад Саюза дэмакратаў «За Літву. Вядома, што ў снежні мінулага года ўладальнікі часовага віду на жыхарства перасякалі літоўска-беларускую або расейскую мяжу 28 тысяч разоў. У студзені-сакавіку іх агульная колькасць склала 422 тысячы», – піша літоўскае выданне.


Палата прадстаўнікоў Кангрэса ЗША прыняла пакет законаў, які прадугледжвае выдзяленне Украіне дапамогі ў памеры 61 мільярда даляраў. З вялікай дзеллю верагоднасці Сенат ухваліць гэты пакет мер. Еўрапейская прэса абмяркоўвае значнасць гэтага рашэння. «Міжнародная дапамога сама па сабе сітуацыі не пераломіць», – мяркуе дублінская Irish Independent.
«Пастаўкі зброі палепшаць шанцы Кіева на адлюстраванне магчымага расейскага буйнога прарыву на ўсходзе. Але Кіеў па-ранейшаму сутыкаецца з недахопам асабовага складу на полі бою. Пасля шматмесячных дэбатаў быў прыняты закон: у маі гэтага года ён увойдзе ў сілу ды змяняе правілы мабілізацыі і закліканы зрабіць яе працэс больш мабільным, празрыстым і эфектыўным. Аднак навабранцам спатрэбяцца яшчэ месяцы навучання, перш чым іх можна будзе адправіць ваяваць, што ў сваю чаргу стварае для Расеі «вакно магчымасцяў», якім яна можа скарыстацца», – папярэджвае ірландскае выданне.


У мінулую суботу прэзідэнт Турцыі Рэджэп Таіп Эрдаган прыняў у Стамбуле кіраўніка палітбюро ХАМАС Ісмаіла Ханію і абмеркаваў з ім гуманітарную дапамогу палестынцам і магчымасць перамірʼя. Стамбульская газета кемалістскага кшталту Cumhuriyet не хавае свайго абурэння.
«Эрдаган параўнаў фундаменталісцкую тэрарыстычную арганізацыю ХАМАС з рухам за незалежнасць Кува-йі Міліе, які быў заснаваны і ўзначалены заснавальнікам турэцкай дзяржавы Атацюркам. Гэткае параўнанне не толькі знаходзіцца ў поўнай супярэчнасці з гістарычнымі фактамі і рэаліямі, але таксама зʼяўляецца абразай Кува-йі Міліе і Атацюрка, ды яшчэ раз даказвае тое, што Эрдаган па сутнасці сваёй – фундаменталіст і прыхільнік шарыяту. Той факт, што Эрдаган сустрэўся з лідэрам ХАМАС Ісмаілам Ханіяй, а не з прэзідэнтам Палестыны Махмудам Абасам, а таксама паслядоўна ўмацоўваў свае адносіны з ХАМАС з тых самых часоў, як прыйшоў да ўлады, выразна кажуць пра тое, што Эрдаган праводзіць ісламісцкую і фундаменталісцкую лінію», – наракае турэцкае выданне.


Да выбараў у Еўрапейскі парламент 9 чэрвеня засталося каля сямі тыдняў. Судзячы па выніках апытанняў, вызначаецца значны прырост галасоў на карысць права-папулісцкіх і ўльтраправых партый фракцыі ID (Ідэнтычнасць і дэмакратыя). Разам з фракцыяй Еўрапейскія кансерватары і рэфармісты, у якую ўваходзіць і партыя Браты Італіі, яны могуць займець больш за адну пятую ўсіх парламенцкіх месцаў. Гамбургскі штотыднёвік Der Spiegel не бачыць станоўчай перспектывы.
«Антыеўрапейскія сілы ніколі не набяруць дастатковай колькасці галасоў, каб самім сфармаваць будучую Еўракамісію, а вось блакаваць усё і ўся – гэта калі ласка. Выглядае на тое, што праеўрапейскім партыям давядзецца пераадольваць хоць і старыя, але вельмі жывучыя рознагалоссі паміж сваімі правым і левым лагерамі ў тым, што тычыцца клімату, сацыяльных пытанняў і эканомікі, для таго каб выжыць у Еўрапарламенце ва ўмовах суседства з антыеўрапейскімі. Стратэгі ад АдГ акурат спадзяюцца праз гэткую крыніцу забяспечыць сабе прыток раздражнёных і расчараваных, і такім чынам забяспечыць парламенцкую большасць для партый, якія больш не жадаюць выбараў у Еўрапарламент. Большасць бяздумная і спрэс забылася на ўрокі гісторыі. Вось чаму ўсё так трагічна: сёлетнія еўрапейскія выбары могуць стаць смяротнай атрутай для выбараў наступных», – папярэджвае нямецкае выданне.