BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Андрэй Сцепанюк: Бельск падзяліўся на тых, хто за стабільнасць, і на тых, хто за змены

У Польшчы падводзяць вынікі мясцовых выбараў, але некаторых чакае другі тур. Так здарылася і ў Бельску-Падляшскім, дзе пакуль што не выбралі бургамістра, і ў Бельскай гміне, якая пакуль не мае новага войта. Пра тое, як ішла падрыхтоўка да выбараў, наколькі шырокая прапанова кандыдатаў і чаго чакаць ад новых мясцовых уладаў, пагаворым з нашым сённяшнім госцем – былым бургамістрам горада Бельск-Падляшскі Андрэем Сцепанюком.

РР: У Польшчы 7 красавіка адбыўся першы тур мясцовых выбараў. І пачнем мы нашую размову з вынікаў у Бельску-Падляшскім. Горад надалей застаецца без новага бургамістра. Як чалавек з багатым досведам палітычнага бельскага жыцця, як вы ацэньваеце гэтыя выбары?

Андрэй Сцепанюк: Без сумневу трэба адназначна сцвердзіць, гэта можна было прадбачыць, што не завершыцца ўсё ў першым туры выбараў, з увагі на тое, што так вынікала з таго, што можна было пачуць на вуліцы. Можна было толькі разважаць, хто пяройдзе ў другі тур. Але ўсё ж такі гэтыя два кандыдаты, якія ў ім знайшліся, без сумневу былі найбольш вядомыя. Адзін – які ўжо некалькі гадоў на гэтай пасадзе. І другі – які зрабіў самую вялікую кампанію. Зрэшты, я думаю, сваю кампанію ён вёў ужо некалькі гадоў, бо быў даволі актыўным райцам у гарадской радзе. З аднаго боку вельмі актыўным, а з другога боку – вельмі крытычным да таго, што рабіў бургамістр Яраслаў Бароўскі. І думаю, што тут нейкай неспадзяванкі ўсё ж такі не было.

Такім чынам, Бельск чакае другі тур. Але можам тут нагадаць і Бельскую гміну. Цэнтр яе ўсё ж такі знаходзіцца ў горадзе. Тут таксама не было неспадзяванкі. Адразу было выразна відаць, што будуць два галоўныя кандыдаты. Яны яшчэ раз сустрэнуцца ў наступным туры выбараў.

РР: То бок, бельшчане яшчэ раз будуць выбіраць войта і бургамістра. Калі казаць пра выбары, усё ж такі як дайсці да сэрцаў бельшчан, якая тэма іх набольш хвалюе?

Андрэй Сцепанюк: Гэта вельмі сумна, што ўсё ж такі выбары ў Польшчы ў самакіраванне адбываюцца як бы не для таго, каб хтосьці быў бургамістрам ці стаў райцам. Найчасцей гэта адбываецца супраць, супраць кагосьці. Гэта заўважаецца ў польскай палітыцы ад многіх гадоў, вельмі часта ідуць на выбары, каб загаласаваць супраць кагосьці. Гэта адбываецца і ў палітыцы на ўзроўні гмінаў. Вельмі выразна відаць.

Я, як чалавек, які прымаў удзел у гэтай гонцы ў пачатку існавання самакіравання ў Польшчы, вельмі моцна занепакоены сённяшнім станам самакіравання і падыходам цэнтральных палітыкаў да таго, што адбываецца дзесьці там унізе. Палітыка з аднаго боку – гэта нейкая гульня, а з другога боку – палітыку не зробіш, калі не маеш грошай. Нічога не зробіш. Можаш шмат наабяцаць. І нічога не зробіш. Усё ж такі надалей у Польшчы, і я не гавару пра нейкую адну сілу, усе сілы ідуць да таго, каб сцэнтралізаваць яшчэ больш самакіраванне. Гэта, на маю думку, адна з прычын таго, што я вельмі знеахвоціўся, каб прымаць удзел у гэтай палітыцы.

Але вяртаюся да таго, што маем, да гэтых двух кандыдатаў, якія ў Бельску знайшліся. Адзін ішоў у напрамку, каб сказаць, што трэба весці тую палітыку, якая цяпер вядзецца, спакойна, без ніякіх уздымаў, і гэтым спрабаваў пераканаць людзей пра пераемнасць таго, што раней тут адбывалася. Другі адкідаў цалкам тое, што ў Бельску робіцца апошнім часам. Людзі старэйшага ўзросту, да якіх і сам ужо залічаюся, напэўна думаюць пра стабільнасць. Але пра гэтую стабільнасць не думаюць маладыя людзі, якім сапраўды ў Бельску многіх рэчаў не хапала. Я таксама лічу, што было зроблена даволі шмат памылак у апошнія гады. І былы бургамістр не выкарыстоўваў усе з’явы, якія адбываліся навокал у гэтай лакальнай палітыцы. У Бельску не праходзілі нават так званыя дні горада. Яны вельмі важныя для многіх людзей, бо людзі не толькі хочуць проста хадзіць па вуліцах, але часам хочуць паглядзець нейкі добры канцэрт. Напэўна многія справы можна было зрабіць інакш. Я не ў цэнтры тых падзеяў, якія ў Бельску адбываюцца. Але людзям напэўна патрэбная большая актыўнасць улады. Гэта без сумневу.

Але я не да канца веру, у лозунг «Час змен». Добра. Але калі я глядзеў на спісы кандыдатаў, то я не бачыў там ніякіх зменаў хаця б сярод людзей, хаця б з боку кандыдата, які ўжо ад нейкага часу з’яўляецца райцам у гарадской радзе. Што цікавае, ён, здаецца, мае трэцюю кадэнцыю, і кожны раз з іншай палітычнай групоўкі выступае. Так што для мяне гэта не да прыняцця. Бо хацелася б нейкай стабільнасці ў чалавечых поглядах. Так што тут будзе такі выбар паміж старым і новым. Вялікае значэнне будзе мець, колькі людзей пойдзе на выбары.

Цалкам размова:

Размаўляла Яна Запольская, Беларускае Радыё Рацыя