BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Колькасць загінулых у выніку тэракту ў Маскве вырасла да 143 чалавек

Колькасць загінулых у выніку тэракта ў падмаскоўным “Крокус Сіці Холе” дасягнула 143, паведаміла галоўрэд RT Маргарыта Сіманьян у сваім тэлеграм-канале.

Сёння Федэральная служба бяспекі заявіла пра затрыманне тэрарыстаў у Бранскай вобласці на мяжы з Украінай. Нібыта яны мелі намер перасекчы расейска-ўкраінскую мяжу. У другой палове дня Уладзімір Пуцін выступіў з прамовай — ён паабяцаў пакараць вінаватых у тэракце і заявіў, што тэрарысты спрабавалі ўцячы ва Украіну.  24 сакавіка Пуцін абвясціў Днём нацыянальнай жалобы. Дзяржаўныя і лаяльныя ўладам расейскія выданні атрымалі ўказанне з Адміністрацыі прэзідэнта РФ падкрэсліваць у публікацыях аб тэракце магчымы “украінскі след”, піша “Медуза” са спасылкай на крыніцу.

МЗС Украіны яшчэ 22 сакавіка катэгарычна адкідаў абвінавачванні, якія прагучалі пасля тэракту ад расейскіх афіцыйных асоб, у тым, што Кіеў нібыта датычны да стральбы і пажару ў «Крокус Сіці Холе». «Лічым такія абвінавачванні спланаванай правакацыяй Крамля», — падкрэслілі ў Міністэрстве.

* * *

Адказнасць за стральбу ў ГЦ “Крокус Сіці” нібы ўзяло ІДІЛ

Пад вечар 22 сакавіка з’явілася паведамленне, што страляніну ў “Крокус Сіці Холе” ўчыніла ІДІЛ.

***

Колькасць загінулых у выніку тэракту ў “Крокус Сіці Холе” вырасла да 115 чалавек, паведамляе СК Расеі.

YouTube player

Буйны тэракт адбыўся ўвечары ў пятніцу, 22 сакавіка, у канцэртнай зале «Крокус Сіці Хол» умяшчальнасцю каля 7 тысяч чалавек. У будынку могуць заставацца каля 100 чалавек. Частка з іх магла схавацца на -1 паверсе, частка можа быць адрэзана ад выхаду агнём на чацвёртым паверсе будынка. У будынку працягваецца пажар, абваліўся дах.

***

Як мінімум 12 чалавек загінулі ў выніку страляніны ў ГЦ «Крокус Сіці Хол» у Маскве перад канцэртам гурта «Пікнік».

Параненыя як мінімум 35 чалавек. Паведамляецца, што стралкоў было трое, яны мелі аўтаматычную зброю. Пасля страляніны пачаўся пажар, магчыма была ўзарваная бомба. Над будынкам бачныя клубы чорнага дыму. 

Тым часам, адным з аб’ектаў расейскіх авіяўдараў сёння стала Дняпроўская гідраэлектрастанцыя.

Ёсць загінулы ў выніку гэтага нападу, генпракуратура Украіны не прыводзіць падрабязнасцяў. У ведамстве заявілі, што станцыя выведзена са строю, расейцы запусцілі па ГЭС восем ракетаў.

Беларускае Радыё Рацыя

Фота з сацыяльных сетак