У нядзелю, 21 студзеня, у Вільні беларусы ўшанавалі памяць паўстанцаў 1863–1864 гадоў пад кіраўніцтвам Кастуся Каліноўскага. У святочных урачыстасцях з гэтай нагоды ўдзельнічалі прэзідэнт Літвы Гітанас Наўседа, прэзідэнт Польшчы Анджэй Дуда, амбасадар Украіны Пётр Бешта, лідарка дэмакратычных сілаў Беларусі Святлана Ціханоўская, прадстаўнікі каталіцкай царквы і дыпламатычнага корпусу.
Беларусы пачалі ўшанаванне паўстанцаў і Кастуся Каліноўскага з мітынгу, які зладзілі на плошчы Кудзіркі:
– Кастусь Каліноўскі для мяне чалавек, які ўпершыню агучыў назву нашай нацыі – што мы беларусы і краіна наша Беларусь. Ён самая значная постаць дзеля нашага самавызначэння як беларусаў.
– Гэта чалавек, які таксама ў свой час змагаўся з рэжымам. І я выйшаў на акцыю, каб, па-першае, падтрымаць тых людзей, якія сабраліся тут. Таму што мне не абыякава тое, з чым яны змагаюцца.
– Вельмі важная гістарычная падзея. Як Каліноўскі змагаўся за свабоду Беларусі, так і мы змагаемся за свабоду Беларусі дасюль.
Урачыстасці працягнуліся святой Імшой у Кафедральным саборы і цырымоніяй на могілках Росы. Там прагучалі выступы прэзідэнтаў Літвы і Польшчы, амбасадара Украіны і беларускай лідаркі.
Як кажа Святлана Ціханоўская, Кастусь Каліноўскі – супольны герой, які стаў сімвалам барацьбы за незалежнасць народа і незалежнасць нацыі:
– У нашым рэгіёне, Беларусі і ва Украіне, людзі змагаюцца за гэтую перамогу з Расейскай імперыяй, з якой змагаўся і Кастусь Каліноўскі. Гэта мае вялікае значэнне для сённяшніх беларусаў. Мы павінны скончыць справу, якую пачаў Кастусь Каліноўскі вельмі шмат гадоў таму, мы яшчэ па-ранейшаму пад прыгнётам гэтых імперскіх амбіцыяў Расеі.
Напрыканцы святочных урачыстасцяў на могілках Росы Святлана Ціханоўская прывітала групу беларусаў, адказала на іх пытанні і сфатаграфавалася разам з імі. Таксама беларусы ўсклалі кветкі і запалілі знічы ў капліцы, дзе пахаваны Кастусь Каліноўскі разам са сваімі паплечнікамі.
Цалкам матэрыял слухайце ў далучаным файле:
Беларускае Радыё Рацыя
Беларускае Радыё Рацыя
***
Акцыя, прысвечаная памяці ўдзельнікаў паўстання 1863–1864 гадоў, прайшла ў Вільні пры ўдзеле дэмакратычнай лідаркі Святланы Ціханоўскай, прэзідэнтаў Літвы, Польшчы і амбасадара Украіны, паведамляе прэс-служба Ціханоўскай.
Пасля набажэнства цырымонія працягнулася на могілках Росы, дзе перапахаваныя парэшткі 20 паўстанцаў, у тым ліку Кастуся Каліноўскага.
«Нашы продкі адмовіліся жыць пад прыгнётам акупантаў. Яны выбралі годнасць замест пакоры. Свабоду замест рабства. Цывілізаваную Еўропу замест варварскай імперыі.
І хоць паўстанне не скончылася перамогай, яно засведчыла палітычнае нараджэнне беларускай нацыі.
А Кастусь Каліноўскі, які кіраваў паўстаннем на нашых землях, — стаў сімвалам нашай супольнай барацьбы за свабоду.
Cёння чатыры народы — Польшчы, Літвы, Беларусі і Украіны — яднаюць месцы яго нараджэння, ягонага змагання і пакутніцкай смерці. Яднае памяць пра яго ў імені палка, які бароніць сёння Украіну», — выступіла Ціханоўская.