BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Беларускія футбалісты перамаглі на старце турніру развіцця УЕФА

Юнацкая зборная Беларусі (U-16) пераможна стартавала на турніры развіцця УЕФА ў Менску. У сваім першым паядынку падначаленыя Валерыя Апанаса разграмілі аднагодкаў з Азербайджана 4:0. Ужо ў першым тайме Ян Прыёмка, Данііл Чаргейка (з пенальці) і Сцяпан Жыгімонт тройчы забілі гасцям, а пасля перапынку Раман Стэсік усталяваў канчатковы лік.

Хакеісты “Вашынгтона” другі раз прайгралі ў плэй-оф НХЛ, Протас ачкоў не набраў

Беларускі нападнік “Вашынгтона” Аляксей Протас у сваім другім паядынку плэй-оф НХЛ не набраў выніковых балаў. Мінулай ноччу сталічная каманда другі раз прайграла на выездзе хакеістам “Нью-Ёрк Рэйнджэрс” – 3:4. Аляксей Протас правёў на пляцоўцы крыху больш за 14 хвілін, зрабіў адзін сілавы прыём і заблакаваў адзін кідок супернікаў. У першым паядынку стартавага раунда Кубка Стэнлі “Вашынгтон” пацярпеў паразу з лікам 1:4, тады беларус вызначыўся выніковай перадачай. Два наступныя матчы пройдуць 27 і 29 красавіка на вашынгтонскай “Кэпітал Уан Арэне”.

Беларусы згуляюць у чвэрцьфіналах гандбольнай Лігі чэмпіёнаў

У гандбольнай Лізе чэмпіёнаў сёння стартуюць паядынкі чвэрцьфінальнай стадыі. У першым матчы польскі “Кельцэ” з беларускім лінейным Арцёмам Каральком у складзе прыме на сваёй арэне дзейнага пераможцу ЛЧ нямецкі “Магдэбург”. У гэтым сезоне галоўнага кантынентальнага турніру беларус правёў 13 сустрэч, закінуўшы 23 мячы. Таксама сёння французскі “Манпелье” згуляе з нямецкім “Кілем”. Яшчэ два чвэрцьфіналы пройдуць у чацвер, 25 красавіка. Гандбалісты венгерскага “Веспрэма” прымуць на сваёй пляцоўцы дацкі “Ольбарг”. Беларускі правы крайні гаспадароў Мікіта Вайлупаў згуляў 11 матчаў ЛЧ, на яго рахунку 49 закінутых мячоў. Таксама заўтра “Пары Сэн-Жэрмэн” у сталіцы Францыі будзе супернічаць з іспанскай “Барселонай”.

“МІНСК” перамог баскетбалістак РДУАР у матчы паўфінальнай серыі чэмпіянату Беларусі

На жаночым чэмпіянаце Беларусі па баскетболе стартавала другая паўфінальная серыя. Пераможцы рэгулярнага чэмпіянату баскетбалісткі “МІНСКА” не пакінулі шанцаў на поспех выхаванкам сталічнага РДУАР, перамогшы 112:35. Наступныя матчы серыі да трох перамог пройдуць 24 і 26 красавіка.

Беларуска Данільчык выйшла ў паўфінал чэмпіянату Еўропы па боксе

У сталіцы Сербіі Бялградзе працягваецца чэмпіянат Еўропы па боксе з удзелам беларускіх спартоўцаў. У аўторак на турніры адбыліся чвэрцьфінальныя баі ў жанчын, да гэтай стадыі раней дайшлі дзве прадстаўніцы Беларусі. Прайсці яшчэ далей удалося адной з іх – Арына Данільчык у вазе да 70 кг перамагла спартоўку з Сербіі Анастасію Лукайіч і гарантавала сабе бронзавы медаль. Сяброўцы Арыны па камандзе Юліі Апанасовіч пашанцавала менш: пасеяная пад першым нумарам у катэгорыі да 52 кг беларуска не справілася з сербкай Драганай Ёванавіч.

Бокій выйграў другое золата чэмпіянату Еўропы па параплаванню

У партугальскім Фуншале працягваецца адкрыты чэмпіянат Еўропы па плаванні сярод спартоўцаў з парушэннямі зроку і апорна-рухальнага апарата. У трэці дзень спаборніцтваў плыўцы разыгралі 21 камплект узнагарод, у трох фіналах вячэрняй праграмы бралі ўдзел беларускія спартоўцы. На дыстанцыі 100 метраў вольным стылем у класе S13 пераканаўчую перамогу святкаваў наш 16-разовы паралімпійскі чэмпіён Ігар Бокій, для якога гэта золата ЧЕ-2024 стала другім пасля поспеху на стометроўцы батэрфляем.

Беларускае Радыё Рацыя