31-гадовы беларускі форвард «Кароны» Яўген Шыкаўка ўвайшоў у сімвалічную зборную 29-га тура чэмпіянату Польшчы. У матчы з «Радомякам», які завяршыўся з лікам 4:0, беларус забіў два мячы.
Усяго ў гэтым сезоне футбаліст у 29 матчах забіў 7 мячоў, аддаў адну галявую перадачу. Яго каманда займае 16 месца.
«Заглембе» Сасновец вылецеў з другога дывізіёна Польшчы за 5 тураў да заканчэння чэмпіянату
«Сталь» Жэшaў перамагла «Заглембе» Сасновец у 29-м туры Першай лігі Польшчы – 1:0. Адзіны гол на 4-й хвіліне матча забіў украінскі паўабаронца «Сталі» Арсен Гросу. Такім чынам, былая каманда Аляксандра Хацкевіча за 5 тураў да заканчэння чэмпіянату ўпусціла шанцы на захаванне прапіскі і вылецела ў трэці дывізіён Польшчы. Хацкевіч узначаліў «Заглембе» 16 студзеня, а ўжо 5 красавіка пакінуў каманду пасля таго, як фанаты ўварваліся на трэніроўку каманды.
Аўтсайдэры жаночага чэмпіянату Беларусі па футболе набяруць першыя балы
На жаночым чэмпіянаце Беларусі па футболе сёння адбудзецца перанесены матч першага тура. У Гародні згуляюць галоўныя «няўдачніцы» стартавага адрэзка футбалісткі «Смаргоні» і «Гомеля». Абедзве каманды да гэтага пацярпелі па чатыры паразы і сёння нехта з іх дакладна набярэ першыя заліковыя балы. Зараз турнірную табліцу, як і чакалася, упэўнена ўзначальваюць галоўныя фаварыты: чэмпіён краіны «Дынама-БДУФК» і ўладальніцы срэбра футбалісткі «Мінска», якія набралі ў пяці паядынках па 15 ачкоў з 15 магчымых. Таксама без страт ідзе магілёўскае «Дняпро», у якога 12 балаў пасля чатырох згуляных матчаў.
Бернарду Сілву хоча пераехаць у Барселону – ён некалькі разоў прылятаў у Іспанію за апошні час
Паўабаронца «Манчэстэр Сіці» Бернарду Сілва лічыць, што надышоў час пагуляць у чэмпіянаце Іспаніі, паведамляе Sport.es. Партугалец лічыць, што ён выйграў усе магчымыя трафеі з «Сіці», таму яго час у клубе падыходзіць да канца. Сям’я Бернарду таксама хоча змяніць абстаноўку, гулец неаднаразова наведваў Барселону за апошнія некалькі месяцаў. Бярнарду хоча гуляць у Іспаніі, але ведае, што яму няма месца ў «Рэале». Прысутнасць у Барселоне Ілкая Гюндагана, Жаау Фелікса і Жаау Кансэлу спрыяе прыходу Сілвы, таму што ён з імі ў добрых адносінах. Пеп Гвардыёла ведае аб жаданні Бернарду пакінуць каманду і пагадзіўся адпусціць гульца за 58 мільёнаў еўра. «Барселона» спадзяецца, што 29-гадовы партугалец здолее дамовіцца з «Сіці», каб тыя знізілі кошт і не ўскладнялі трансфер. Бернарду плануе перайсці ў «Барселону», нягледзячы на тое, застанецца Хаві на чале каманды ці не. Крыніца адзначае, што Сілва «шалёна» хоча ў «Барселону». У гэтым сезоне Бернарду правёў 40 матчаў, забіў 11 галоў і аддаў 5 асістаў.
Беларускі Гнедчык і Пракапенка выйшлі ў паўфінал этапа Кубка свету па пяціборʼі ў Венгрыі
У сталіцы Венгрыі Будапешце стартаваў трэці этап розыгрышу Кубка свету па сучасным пяціборʼі 2024 года з удзелам беларускіх спартоўцаў. У першы дзень спаборніцтваў дзяўчаты вызначалі паўфіналістак у індывідуальным заліку. На старт адборавых турніраў выйшлі чатыры беларускія спартоўкі, з якіх прайсці далей удалося двум. У кваліфікацыі «С» лідар беларускай каманды Марыя Гнедчык паказала адзін з найлепшых вынікаў у лазар-ране і выйшла ў пафінал з другога месца. На папярэдніх этапах Кубка свету Гнедчык нязменна выходзіла ў фінал. Яшчэ адной паўфіналісткай этапа ў Венгрыі стала Анастасія Пракапенка – самая вопытная спартоўка зборнай у кваліфікацыі «В» была першай у фехтаванні, і нават не самыя хуткія секунды ў плаванні не перашкодзілі ёй упэўнена адабрацца з сёмай пазіцыі па выніках лазер-рана.
Беларускае Радыё Рацыя