У Літве таксама хочуць дапамагчы Украіне вярнуць мужчын прызыўнога ўзросту. Канкрэтныя меры пакуль не разглядаюцца, Вільня сочыць за тым, якія рашэнні прыме Польшча, піша Delfi.
“Ніхто вядома не будзе іх збіраць і адвозіць ва Украіну — гэтага не будзе, — кажа міністр абароны Лаўрынас Кашчунас. — Але [можна абмежаваць гэтых асоб] у сацыяльных выплатах, дазволах на працу, дакументах — гэта варыянты, як я чую і ад польскага боку. Так што давайце пачакаем і паглядзім, які варыянт яны прапануюць, можа быць, ён падыдзе і для Літвы”.
Дакладную колькасць украінцаў прызыўнога ўзросту ў Літве пакуль вызначыць складана, прызнае міністр абароны.
Напярэдадні міністр абароны Польшчы Уладзіслаў Касіняк-Камыш заявіў, што Варшава гатовая дапамагчы Кіеву “ідэнтыфікаваць” украінцаў прызыўнога ўзросту, якія ўцяклі з пачатку вайны за мяжу.