Еўразвяз увядзе імпартныя пошліны на зерне з Расеі і Беларусі. Пра гэта паведамляе Financial Times са спасылкай на крыніцы, знаёмыя з пытаннем. Памер мытнай пошліны складзе 95 еўра за тону. У Еўракамісіі, паводле звестак выдання, разлічваюць, што ўвядзенне пошлін прывядзе да росту цэн на зерне з названых дзвюх краін і да зніжэння попыту на яго. Пошліны ў памеры 50 працэнтаў таксама плануецца ўвесці на насенне алейных культур і прадукты іх перапрацоўкі.
На мінулым тыдні польскія СМІ пісалі, што Еўракамісія да чарговага саміту лідараў ЕЗ прадставіць прапановы па абмежаванні імпарту збожжа з Беларусі і Расеі. Раней Латвія ўвяла адпаведныя абмежаванні, Літва з панядзелка ўзмацніла кантроль зерневых грузаў. Польскі Сейм прыняў рэзалюцыю з заклікам да Еўракамісіі накласці эмбарга на сельгаспрадукцыю, якая паходзіць з РФ і Беларусі. (reform.by)
За якімі медпаслугамі іншаземцы прыязджаюць у Беларусь?
За год іншаземцам у Беларусі робяць каля 20 тысяч аперацый. Такую лічбу назвала прадстаўніца Міністэрства аховы здароўя Кацярына Шпак, перадае БелТА. Пры гэтым яна ўдакладніла, што ў санаторыях замежныя турысты праводзяць у сярэднім 12-14 дзён, у выпадку медыцынскага турызму знаходжанне ў Беларусі звычайна дасягае 5-7 дзён. Сярэдні чэк іншаземцаў складае каля 500 даляраў.
Самым запатрабаваным напрамкам у сферы медыцынскага турызму Кацярына Шпак назвала трансплантацыю. У спісе таксама паслугі ў анкалогіі, неўралогіі, нейрахірургіі і стаматалогіі. Прыязджаюць да нас лячыць і захворванні сэрца. Паводле інфармацыі Міністэрства аховы здароўя, у мінулым годзе ў краіне прайшлі лячэнне 134 тысячы іншаземцаў.
Падляшскія прадпрымальнікі падлічваюць страты
Праз год пасля закрыцця памежнага пераходу з Беларуссю ў Баброўніках і больш чым праз два гады пасля закрыцця пераходу ў Кузніцы прадпрымальнікі з памежных раёнаў усё мацней адчуваюць наступствы гэтых рашэнняў. Значныя падзенні даходаў адчуваюць і дзясяткі, калі не сотні, прадпрыемстваў з Беласточчыны, якія таксама ў значнай ступені разлічвалі на “турыстаў з Беларусі”. Як кажа ўладальнік гандлёвай кропкі ў Беластоку Матэвуш Грыгарук — да нядаўняга часу нямногія беларусы спрабавалі дабрацца да Падляшша праз Літву, але пасля закрыцця некаторых літоўска-беларускіх памежных пераходаў адмовіліся ад паездак у Польшчу. Папулярны сярод беларусаў беластоцкі рынак на вуліцы Кавалерыйскай з дня на дзень робіцца ўсё больш пустым.
“Не ведаю, ці ёсць нехта ў Польшчы, хто ведае, калі мы адкрыем межы з Беларуссю”, — каментуе Падляшскі ваявода Яцэк Бжазоўскі. Ён кажа, што ідзе праца над тым, каб падоўжыць дапамогу пацярпелым прадпрыемствам і прадпрымальнікам яшчэ на год, паведамляе “Радыё Беласток”.
Беларускае Радыё Рацыя.
Фота з адкрытых крыніц.