BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Літва можа зачыніць яшчэ адзін пагранпераход з Беларуссю

Гэта неафіцыйная інфармацыя, якую падае тэлеграм-канал Infotrans Media Belarus. Гаворка ідзе пра пункт пропуску Шальчыненкай-Беняконі.

Арыенціровачна яго могуць зачыніць на працягу трох – шасці месяцаў. Пры гэтым паток беларусаў, якія едуць у Літву надалей вялікі, да прыкладу, шматлікія едуць у Віленскі аэрапорт, каб працягнуць далей сваё падарожжа, бо, як вядома, з Менска колькасць авіяцыйных напрамкаў абмежаваная. І ўлады чым і могуць пахваліцца, дык толькі адкрыццём новых маршрутаў у тыя ці іншыя гарады Расеі.

Працягваецца крызіс беларускіх міжнародных перавозчыкаў

Паводле Асацыяцыі міжнародных аўтаперавозчыкаў “БАМАП”, сёння ў такіх перавозках выкарыстоўваюць 15 тысяч аўтамабіляў, на канец 2018 года было 19 тысяч 300. Эксперты тлумачаць такую сітуацыю вельмі проста: узаемнымі абмежаваннямі на рух грузавога транспарту, якія ўвялі і Еўразвяз, і Беларусь, таксама варта памятаць, што істотна змяніліся лагістычныя ланцужкі ў беларускім знешнім гандлі.

У выніку многія перавозчыкі проста сталі пераносіць свае кампаніі за мяжу і рэгістраваць іх у тых жа краінах Еўрапейскага звязу. Як вынік – летась чвэрць новых бізнесаў у Польшчы, створаных беларусамі, займаліся менавіта аўтамабільнымі перавозкамі. А колькасць кампаній з беларускім капіталам, зарэгістраваных у Казахстане, павялічылася на 24,5 працэнта.

Пенсіі – тэма, якая хвалюе заўсёды

Журналісты myfin.by вывучылі рэйтынгі і вызначылі, у якіх краінах сёння найлепш жывецца пенсіянерам. Так, у мінулым годзе страхавая кампанія Allianz даследавала пенсійныя сістэмы свету і апублікавала рэйтынг, які ўключае 75 дзяржаў. Пры гэтым улічваўся агульны ўзровень жыцця пенсіянераў, памер пенсій, узрост выхаду на пенсію, льготы для пенсіянераў і так далей. І што выйшла?

Тройку лідараў склалі такія краіны як Данія, Нідэрланды і Швецыя. Таксама добра пенсіянерам у Новай Зеландыі, ЗША, Тайвані, Ізраілі, Бельгіі і Аўстраліі. Гэта лідары. Аўтсайдары – Марока, Ліван і Шры-Ланка. Беларусь у рэйтынгу зусім не разглядалі.

У Францыі тэсціруюць сістэму чатырохдзённага працоўнага тыдня

Эксперымент пачнецца ў гэтым годзе, удзельнічаць у ім пакуль змогуць толькі разведзеныя бацькі, якія працуюць у дзяржаўным сектары. У Францыі стандарт – гэта 35-гадзінны працоўны тыдзень. То бок 7 гадзін 5 дзён на тыдзень.  Пакуль вырашаецца, ці гэтая колькасць гадзін будзе скарочаная, ці проста гэтыя гадзіны трэба будзе адпрацаваць у іншыя дні. Прафсаюзы і працадаўцы вядуць перамовы. Пры гэтым у Францыі і цяпер многія кампаніі і нават частка дзяржаўнага сектара перайшла на чатырохдзённы працоўны тыдзень. Проста работнікі працуюць чатыры дні па восем з паловай гадзін. І такім чынам адпрацоўваюць вызначаныя па законе 35 гадзін у тыдзень.

Дарэчы, міністр працы Польшчы Агнешка Дземьяновіч-Бонк на гэтым тыдні паведаміла, што хоча, каб да канца тэрміну працы новага польскага Сейма быў уведзены чатырохдзённы працоўны тыдзень. 66 працэнтаў палякаў не супраць гэтага, але працадаўцы ды эканамісты вельмі скептычна ставяцца да такіх планаў.

Германія легалізавала марыхуану

Улады Германіі легалізавалі спажыванне, захоўванне і вырошчванне каннабісу, закон уступіць у моц з першага красавіка. Аднак Берлін не пайшоў па шляху Канады, дзе марыхуана прадаецца ў крамах, а дазволіў пакуль продаж толькі праз прыватныя клубы.  Паводле агенцтва Reuters, легалізацыя марыхуаны дазволіць Германіі прыцягнуць у бюджэт каля 4,7 мільярда даляраў у год і стварыць 27 тысяч новых працоўных месцаў. Паводле агенцтва, у 2021 годзе ў Германіі каннабіс ужывала каля 4 мільёнаў чалавек.

З краін Еўразвязу рэкрэацыйнае выкарыстанне марыхуаны легалізавала толькі Мальта. У Нідэрландах юрыдычнага дазволу няма, але ўлады не замінаюць прадаваць і спажываць каннабіс у кавашопах. Пры гэтым найбуйнейшым у свеце легальным рынкам марыхуаны застаюцца ЗША, там 37 штатаў і Вашынгтон дазволілі выкарыстанне ў медыцынскіх мэтах, а 24 штаты – у рэкрэацыйных. На федэральным узроўні марыхуана па-ранейшаму забаронена.

За падзеямі эканомікі ў Беларусі і свеце за тыдзень сачыла Яна Запольская

Фота: Дзяржпагранкамітэт