BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Падоўжана забарона на вываз прамысловых тавараў з Беларусі

Урад Беларусі працягнуў яшчэ на паўгода забарону на вываз прамысловых тавараў з краіны. За межы Беларусі, у тым ліку ў краіны Еўразійскага эканамічнага саюза, забаронена вывозіць тавары незалежна ад краіны паходжання, уключаныя ў спецыяльны пералік. Але прадугледжаны і шэраг выключэнняў. Так, ёсць магчымасць экспарту па разавых ліцэнзіях. Таксама забарона не тычыцца транзіту.

Фота: aleksandarlittlewolf / Freepik

Упершыню забарона на вываз асобных прамысловых тавараў была ўведзена ў сакавіку 2022 года. Затым гэтая забарона перыядычна працягвалася. У спісе ўказаны 254 віды прадукцыі, у тым ліку легкавыя аўтамабілі, трактары, веласіпеды, медыцынскія вырабы, розныя інструменты і абсталяванне, ядзерныя рэактары, халадзільнае і маразільнае абсталяванне, абсталяванне для сельскай і лясной гаспадаркі, пыласосы, тэлефоны і многае іншае.

Армянскі каньяк трапіў пад забарону

Галоўны дзяржаўны санітарны ўрач Беларусі Аляксандр Тарасенка ўвёў забарону на прадукцыю «Арарацкага каньячнага завода». Забаронены яе ўвоз на тэрыторыю Беларусі, а таксама рэалізацыя, захоўванне, транспарціроўка, выкарыстанне. Прычынай такога рашэння называецца не адпаведнасць патрабаванням тэхнічнага рэгламенту Мытнага саюза, а менавіта выяўленне фарбавальніка азарубіна (Е122), які не быў указаны з складзе. Паводле Тарасенкі, гэта «указвае на прыкметы фальсіфікацыі гэтай харчовай прадукцыі». Каньяк згаданага прадпрыемства, які знаходзіцца ў Беларусі, будзе выключаны з гандлю і ўтылізаваны.

«Арарацкі каньячны завод» вырабляе розныя віды моцных алкагольных напояў, якія традыцыйна называюць каньякамі, але вядомы каньяк «Арарат» вырабляе іншае прадпрыемства – «Ерэванскі каньячны завод», яго прадукцыю не забаранялі.

Беларуская мытня выявіла кантрабанду аўтазапчастак

У пункце пропуску «Казловічы» на беларуска-польскай мяжы затрымалі грузавік з кантрабандай аўтазапчастак. Пра гэта паведамляе прэс-служба Дзяржаўнага мытнага камітэта Беларусі. Падчас надгляду знойдзена некалькі дзясяткаў скрынь аўтамабільных запчастак, маторнай алівы і тэхнічных вадкасцей, якія не былі ўказаны ў дакументах на груз. Тавараў аказалася на сем тысяч больш, чым было заяўлена. Частка незаконнага грузу не была адлюстравана і ў прадстаўленых для афармлення паперах.

Агульны кошт кантрабанды дасягнуў 1,3 млн рублёў, пры гэтым сума ўхілення ад мытных плацяжоў склала 400 тысяч рублёў. Грузавік належаў польскай фірме, супраць якой распачаты адміністратыўны працэс.

600 мільёнаў еўра для Польшчы

Еўрапейскі інвестыцыйны банк і Міністэрства фінансаў Польшчы падпісалі пагадненне на 600 мільёнаў еўра. Гэтая сума прызначана на ўмацаванне эканамічнага развіцця Польшчы. Адзначаецца, што гэтыя грошы будуць дапаўняць субсідыі Еўрасаюза і дзяржаўныя сродкі. Фінансаванне банка таксама накіравана на ўклад ва ўстойлівае развіццё праз інвестыцыі ў падтрымку аховы навакольнага асяроддзя, біяразнастайнасці і развіццё экасістэм.

Еўрапейскі інвестыцыйны банк – доўгатэрміновая крэдытная ўстанова ЕЗ, якая належыць дзяржавам супольнасці.

Беларускае Радыё Рацыя