BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Берасцейскае «Дынама» не ўтрымала перамогу ў матчы з «Нафтанам»

Берасцейскае «Дынама» ў матчы 6-га тура футбольнага чэмпіянату Беларусі ў вышэйшай лізе з «Нафтанам» упусціла перамогу, нічыя 2:2. Па два галы забілі Міхаіл Гардзяйчук і Раман Папарыга (адзін – з пенальці). Дынамаўцамі ўпушчаны шанец часова стаць лідарам футбольнага чэмпіянату Беларусі ў вышэйшай лізе.

У БАТЭ ўжо трэцяя параза ў чэмпіянаце Беларусі. Гэтым разам барысаўчане прайгралі ў гасцях «Віцебску» 0:1, які ў мінулым туры абыграў на чужым полі гарадзенскі «Нёман». Адзіны гол – на рахунку Руслана Цеверава. БАТЭ пасля 6 матчаў мае 5 ачкоў і займае толькі 11-е месца. Іншыя матчы пройдуць на выходных. Сёння сустрэнуцца «Іслач» і «Нёман», «Тарпеда-БелАЗ» і «Смаргонь», «Днепр» і менскае «Дынама». У нядзелю згуляюць «Гомель» і «Мінск», «Славія» і «Арсенал», «Шахцёр» і «Слуцк». У «Славіі» – 13 ачкоў, у «Нёмана» і берасцейскага «Дынама» – па 12. Але мазыране і гарадзенцы згулялі на адзін матч менш.

«Ягелонія» не змагла абыграць «Пагонь» у цэнтральным матчы экстракласы

Беластоцкая «Ягелонія» згуляла ўнічыю 2-2 з «Пагонь» Шчэцін у цэнтральным матчы 30-га тура PKO BP Ekstraklasa. У складзе беластачан мячы забілі Пулулу і Імаз. «Ягелонія» захавала лідыруючую пазіцыю ў табліцы, хоць вынік мог быць для «Ягі» лепшым, калі б 20-гадовы паўабаронца Дамінік Марчук у дададзены час другога тайма, апынуўшыся сам-насам з галкіперам, трапіў у браму. «Ягелонія» ў бліжэйшых матчах згуляе супраць «Сталі» Мелец, «Кароны» Кельцэ, «Пяста» Глівіцэ і «Варты» Познань.

«Рэал» Мадрыд перамог «Рэал Сасьедад»

У матчы 33-га тура іспанскай Прымеры «Рэал Сасьедад» саступіў мадрыдскаму «Рэалу» з лікам 0:1. На 30-й хвіліне лік у матчы адкрыў паўабаронца гасцей Арда Гюлер. На 33-й хвіліне нападнік «Рэала Сасьедад» Такефуса Куба забіў мяч, але ён быў адменены пасля прагляду VAR, паколькі быў зафіксаваны фол у атацы. Пасля 33 тураў чэмпіянату Іспаніі «Рэал Сасьедад» набраў 51 ачко і займае шостае месца. «Сметанковыя» зарабілі 84 ачкі і размяшчаюцца на першым радку.

Міжнародная федэрацыя баскетбола падоўжыла адхіленне беларусаў і расейцаў

Міжнародная федэрацыя баскетбола падоўжыла адхіленне нацыянальных федэрацый Беларусі і Расеі. Забарона будзе дзейнічаць да снежня, калі цэнтральны савет FIBA збярэцца на чарговае пасяджэнне. Санкцыі на беларускі і расейскі баскетбол былі накладзены вясной 2022-го з-за агрэсіі Расеі супраць Украіны. Беларуская федэрацыя баскетбола тады заявіла, што FIBA… «заразілася вірусам нянавісці». Беларускай федэрацыяй кіруе Максім Рыжанкоў, першы намеснік кіраўніка Адміністрацыі Лукашэнкі, фігурант заходніх «чорных спісаў».

Беларуская гандбалістка спрабуе атрымаць грамадзянства Румыніі

Беларуская гандбалістка Марыя Канавал спрабуе атрымаць грамадзянства Румыніі. Яна падала ўсе неабходныя для гэтага дакументы, піша gsp.ro. Канавал 27 гадоў. З 2020-га яна выступае за румынскі клуб «Дунэра». Змена спартовага грамадзянства адбудзецца ў бліжэйшы час. Беларуску ўжо чакаюць у зборнай Румыніі. На яе зборы яна можа з’явіцца ў канцы ліпеня, а дэбют адбудзецца ў кастрычніку. А далей Марыю Канавал чакае чэмпіянат Еўропы. Як вядома, беларускі (як і расейскі) гандбол з 2022 года з-за агрэсіі РФ супраць Украіны знаходзіцца пад санкцыямі, ён адхілены ад міжнародных спаборніцтваў.

Беларускае Радыё Рацыя