BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Агляд прэсы: Бяспекі не дадасца

  • Лукашэнка палохае беларусаў літоўскімі беспілотнікамі і войскамі НАТА.
  • Размяшчэнне ядзернай зброі ў Польшчы?
  • Кіеў спрабуе вярнуць дадому мужчын прызыўнога ўзросту.

«Рэжым Лукашэнкі заяўляе аб прадухіленні атакі літоўскіх беспілотнікаў на Менск і вінаваціць апазіцыю ў змове з мэтай захопу аднаго з раёнаў Беларусі для ўводу ў Беларусь войскаў NATO», – перадае Euromaidanpress.
«Лукашэнка напалохаў беларусаў літоўскімі беспілотнікамі і войскамі НАТА перад адзінагалосным ухваленнем ваеннай дактрыны. 25 красавіка, у другі дзень паседжання 7 -га Усебеларускага народнага сходу, на чарговым прапагандысцкім мерапрыемстве, скліканым для дэманстрацыі адзінагалоснай падтрымкі Лукашэнкі, самаабвешчаны прэзідэнт і яго атачэнне выступілі з серыяй антызаходніх і антыўкраінскіх заяваў, каб паказаць, што Беларусь знаходзіцца пад пагрозай, пасля чаго сход аднагалосна ўхваліў новую Канцэпцыю нацыянальнай бяспекі і Ваенную дактрыну Рэспублікі Беларусь Лукашэнкі. Сярод няўмольнай плыні прапагандысцкіх наратываў вылучаліся дзве асабліва абсурдныя гісторыі: заява кіраўніка КДБ Беларусі аб прадухіленні неіснуючай атакі беспілотнікаў з Літвы на Менск і заява Лукашэнкі аб тым, што беларуская апазіцыя плануе захапіць асобны раён краіны і ўвесці ў яго войскі NATO. Лукашэнка сцвярджае, што расейска-ўкраінская вайна зайшла ў тупік, мяркуючы, што гэта ідэальны час для мірных перамоваў, а Стамбульскае пагадненне, спроба Расеі прымусіць Украіну капітуляваць на пачатку ўсеагульнай вайны, з’яўляецца патэнцыйнай адпраўной кропкай для перамоваў», – піша ўкраінскае выданне.


У інтэрвʼю варшаўскай газеце Fakt прэзідэнт Польшчы Анджэй Дуда выказаўся за тое, каб у Польшчы была размешчана ядзерная зброя НАТА для таго, каб умацаваць усходні фланг альянсу і аказаць стрымальны ўплыў на Расею. Мяркуючы па ўсім, гэтая ініцыятыва ніяк не ўзгаднялася з урадам. Прэмʼер-міністр Туск, тым не менш, выказаў гатовасць абмеркаваць яе з Дудам. Варшаўскі штотыднёвік Wprost выступае супраць такой прапановы.
«Вайна ва Ўкраіне раскрыла шматлікім палітычным лідарам вочы на тое, як небяспечна блізка можам мы апынуцца ў прорве ядзернай вайны. Адгэтуль і мноства тых ясных, накіраваных у першую чаргу ў адрас Расеі сігналаў, якія папярэджваюць аб тым, што не варта перасякаць чырвоную лінію – нават такую, як тактычны ядзерны ўдар. Пры выпадку прэзідэнт Кітая сама меней тройчы перасцерагаў Пуціна ад падобных планаў. Ніхто не жадае знішчэння нашай цывілізацыі, такога кшталту катастрофа і яе наступствы давалі б аб сабе ведаць яшчэ на працягу дзесяцігоддзяў. Доўг палітыкаў у тым, каб мінімізаваць небяспеку для Польшчы і яе грамадзян. І размяшчэнне ядзернай зброі на тэрыторыі нашай краіны ніяк гэтаму не паспрыяе», – адзначае польскае выданне.


Дзяржаўныя прадстаўніцтвы Украіны за мяжой спыняюць аказанне консульскіх паслуг, у тым ліку выдачу пашпартоў, украінцам мужчынскага полу ва ўзросце ад 18 да 60 гадоў. Гэтай мерай улада спадзяецца заахвоціць мужчын вярнуцца на радзіму і не ўхіляцца ад мабілізацыі. Украінскія аглядальнікі спрачаюцца аб тым, наколькі разумнай зʼяўляецца гэтая мера. Прынамсі NV піша наступнае.
«Гэтыя дзеянні не прымусяць ніводнага мужчыну, які абраў знаходзіцца за мяжой падчас вайны, вярнуцца ва Украіну. Прычым не ўсе мужчыны за мяжой пераплывалі Цісу. Многія знаходзяцца там легальна. Такім чынам, эфектыўнасць гэтай меры – нулявая. Аднак дзяржава яе прымяняе, ды яшчэ і «смакуе». Факусуючыся на гэтым, замест таго каб рабіць непапулярныя крокі, якія далі б вынік. Гэта і дробная помста. І папулізм. Таму што дзяржава паказвае, што яна помсціць тым, хто зʼехаў, што павінна даставіць задавальненне тым, хто застаўся. Гуляе на цёмных баках чалавечай натуры», – наракае ўкраінскае выданне.


Праз сем гадоў пасля сваёй прамовы ў Сарбоне ў 2017 годзе і праз пяць гадоў пасля тэзісаў аб неабходнасці перазагрузкі Еўропы, апублікаваных напярэдадні выбараў у Еўрапаламент у 2019 годзе, у мінулы чацвер прэзідэнт Францыі Эманюэль Макрон зноў выступіў у Парыжскім універсітэце. Сярод іншага ён казаў аб тым, што Еўропе пагражае гібель, калі яна не зможа прыняць патрабаваных рашэнняў у сферы бяспекі і эканамічнай палітыкі. Парыжская газета Le Monde перакананая, што Макрон меціць далёка за межы еўравыбараў у чэрвені.
«Нават калі імкненне да таго, каб аказаць уплыў у перадвыбарных дэбатах, відавочна, а па выніках апытанняў грамадскай думкі напярэдадні выбараў у Еўрапарламент, прэзідэнцкі лагер значна адстае ад партыі Нацыянальнае абʼяднанне – бачанне кіраўніка дзяржавы выходзіць далёка за межы гэтай кампаніі. Для Макрона гаворка ідзе пра максімальна магчымы ўплыў на тое, што лідэры 27 краін ЕЗ называюць сваім «стратэгічным парадкам дня» на будучую кадэнцыю ці, выказваючыся больш празаічна, на рабочую праграму наступнай Еўракамісіі ў Бруселі. Прычым жаданне гэта незалежна ад таго, ці застанецца яе старшынёй Уршуля фон дэр Ляйен ці не», – падкрэслівае французскае выданне.

Вольга Сямашка, Беларускае Радыё Рацыя