Расея ў сакавіку павялічыла імпарт бензіну з Беларусі, каб зменшыць рызыку дэфіцыту на ўнутраным рынку з-за пазапланавых рамонтаў на расейскіх нафтаперапрацоўчых заводах пасля нападаў беспілотнікаў, піша Reuters.
Звычайна Расея з’яўляецца чыстым экспарцёрам і пастаўшчыком паліва на міжнародныя рынкі, але збой у расейскай нафтаперапрацоўцы вымусіў нафтавыя кампаніі імпартаваць. Калі ў студзені паставак з Беларусі ў Расею не было, у лютым сёлета Расея імпартавала з Беларусі 590 тон бензіну, а ў першай палове сакавіка — амаль тры тысячы тон. Цяпер паміж урадамі і нафтавымі кампаніямі ідзе абмеркаванне далейшага імпарту з РБ. Паводле Reuters, беларуска-расейскія перамовы ідуць складана, паколькі для Беларусі прыярытэтам з’яўляюцца пастаўкі аўтамабільнага паліва на міжнародныя рынкі (яны ў асноўным ідуць праз расейскія парты), а не ў РФ. Расейскі бок, паводле выдання, прапаноўваў дадатковыя пастаўкі нафты на беларускія НПЗ у абмен на павялічванне паставак нафтапрадуктаў з РБ.
Нацбанк заахвочвае беларусаў да безнаяўных разлікаў
Нацыянальны банк вынес на грамадскае абмеркаванне законапраект, датычны развіцця безнаяўных разлікаў. Абмеркаванне праекту на Прававым форуме запланаванае па 8 красавіка. Прыняцце прапаноў, мяркуюць у Нацбанку, дапаможа стымуляваць беларусаў на разлік безнаяўнымі грашыма.
У прыватнасці, Нацбанк прапануе ў пяць разоў знізіць ліміт максімальнай аплаты гатоўкай, што можа прымацца юрыдычнымі асобамі і ІП ад фізічных асоб пры продажы тавараў, прац і паслуг. Гэты ліміт быў зніжаны з 1000 да 500 базавых велічынь у 2021 годзе, а цяпер яго прапануецца знізіць да 100 базавых. Зніжэнне ліміту прапануецца праводзіць этапамі да 2026 года.
Улады заявілі пра “гістарычны рэкорд” вытворчасці цукру
Кіраўнік “Белдзяржхарчпрама” Алег Жыдкоў у інтэрв’ю часопісу “Эканоміка Беларусі” заявіў пра “гістарычны рэкорд” вытворчасці цукру ў краіне. Калі верыць статыстыцы, у мінулым годзе пры плане 5 мільёнаў тон цукровых буракоў з палёў сабралі амаль 5,3 млн тон. Па словах старшыні канцэрна, гэта “сур’ёзная лічба” — рэкорд за ўсю гісторыю развіцця цукровай галіны Беларусі.
Па выніках перапрацоўкі сыравіны было атрымана 670 тысяч тон цукру. Гэта на 15-17% больш, чым было ў 2022-м. “Гэта і стане нашым галоўным экспартным патэнцыялам сёлета”, — кажа Жыдкоў. Нягледзячы на тое, што цукар прадаюць у асноўным у краінах ЕАЭС, заводы працуюць “з някепскай нормай прыбытку”, сцвярджае ён.
Какава даражэйшая за медзь
Скарачэнне паставак прычыняецца да таго, што адна з асноўных сыравін для вытворчасці шакаладу – какава, зараз самая дарагая ў гісторыі. Цана тоны какавы складае прыкладна 10 тысяч даляраў, паведамляе Dziennik Gazeta Prawna. Паводле прагнозаў Міжнароднай арганізацыі какавы (ICCO), якая аб’ядноўвае 51 краіну-вытворцу і пакупніка згаданай сыравіны, у сезоне з кастрычніка 2023 года па верасень 2024 года ўраджай будзе прыкладна на 10 працэнтаў ніжэйшы, чым годам раней.
З пачатку сезона з партоў Ганы і Кот-д’Івуара было адпраўлена на 28-35 працэнтаў менш какавы, чым годам раней. Між тым, дзве згаданыя краіны адказваюць прыкладна за 60 працэнтаў сусветнай вытворчасці згаданай сыравіны. Ураджай какавы нізкі, бо змены клімату не спрыяюць гэтай культуры.
Беларускае Радыё Рацыя