BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Што адбываецца з рэнтабельнасцю беларускай эканомікі?

Валавы ўнутраны прадукт Беларусі расце, але сабекошты ў прамысловасці павышаюцца, стратнасць заводаў расце, а некаторыя сферы ўвогуле працуюць у «мінус». Рэнтабельнасць беларускай эканомікі прааналізавала Анастасія Гурына для «Беларусы і рынак».

Вынікі першага месяца 2024 года паказваюць, што фінансавае становішча кампаній працягвае пагаршацца. Паводле звестак Белстата, чысты прыбытак у цэлым па краіне абваліўся на 33,6% у параўнанні са студзенем мінулага года.

Праца прадпрыемстваў стала менш рэнтабельная — усяго 5,6% у сярэднім, тады як год таму было 7,7%, а ў 2022 годзе — 8,5%.

Стратных арганізацый стала больш, а іх доля сярод усіх прадпрыемстваў краіны дасягнула 20,7% (у студзені — 2023 такіх было 19,2%). Сума чыстай страты за студзень дасягнула 794 млн рублёў, падскочыўшы за год на 75%.

Беларускія прадпрыемствы нарасцілі даўгі: крэдыторская запазычанасць вырасла на 16% у параўнанні са студзенем мінулага года, на 1 лютага яна склала больш за 77 млрд рублёў. Контрагенты беларусаў таксама не спяшаюцца плаціць: дэбіторка вырасла на 9,5%, склаўшы 65,8 млрд руб.

Збольшага грашовыя праблемы беларускіх прадпрыемстваў тлумачацца тым, што іх праца стала больш затратнай: сабекошт выпускаемай прадукцыі за год вырас 18,4%. Магчыма, кампаніям даводзіцца выдаткоўваць вялікія грошы на заробкі работнікам, якія выраслі ў намінале на 16,7% у 2023 годзе.