BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Што з пастаўкамі беларускіх тавараў у Польшчу?

Вядома, палітычныя стасункі паміж краінамі мала сказаць, напружаныя, але эканамічныя адносіны працягваюцца. Вядома, што санкцыі закранаюць далёка не ўсё. І як падлічылі журналісты Myfin, у мінулым годзе Польшча прывезла беларускіх тавараў на 455,5 мільёнаў еўра. Што, праўда, удвая менш, чым у пазамінулым, калі гэтая лічба складала больш за 1 мільён 40 тысяч еўра. Такое падзенне тлумачыцца вельмі проста: дзейнічае забарона на пастаўкі беларускай драўніны і вырабаў з яе ў краіны Еўразвязу, таксама забарона закранае чыгун, сталь, гумовыя вырабы і шматлікія іншыя пазіцыі.

Аднак, ёсць пазіцыя, па якой імпарт беларускіх тавараў у Польшчу павялічыўся. Так, калі ўзяць раздзел “Гатовыя харчовыя прадукты; алкагольныя і безалкагольныя напоі і воцат; тытунь ды яго заменнікі”, то імпарт перавысіў 41 мільён еўра, што ўдвая, але перавышае паказчыкі 2022 года.

Што важна ведаць пры перасячэнні граніцы, маючы грошы?

Мытнікі сталі больш актыўна правяраць, якія сумы наяўных грошай увозяць фізічныя асобы ў Беларусь і вывозяць з краіны. Афіцыйна гэта робіцца з мэтай спынення незаконнага перавозу наяўных грашовых сродкаў, не афіцыйна – дзяржава някепска на гэтым зарабляе. Так, на гэтым тыдні Дзяржаўны мытны камітэт даў наступную справаздачу: за мінулы год выявілі больш за тысячу фактаў незаконнага перавозу грошай праз беларускую граніцу, а сума канфіскаванай валюты ў беларускіх рублях перавысіла 17 мільёнаў.

Таму, каб вам не трапіць у гэтыя лічбы, якія папаўняюць дзяржаўны бюджэт, варта памяць: пры перасячэнні граніцы трэба дэклараваць наяўныя грошы, калі іх агульная сума перавышае 10 тысяч даляраў на чалавека. Прычым важна памятаць, што размова менавіта пра амерыканскую валюту. Калі правозіць, да прыкладу, 10 тысяч еўра, то іх канвертуюць у даляры і канфіскуюць “усё лішняе”. Яшчэ адзін важны нюанс: калі ў вас больш за 100 тысяч даляраў, то акрамя дэкларацыі, трэба мець дакументы пра паходжанне гэтых сродкаў. І што яшчэ важна: за парушэнне правілаў перавозкі грошай прадугледжана адміністрацыйная і крымінальная адказнасць. Канешне, грошай у гэтым выпадку таксама вас пазбавяць.

У Беларусі ўзнік незвычайны дэфіцыт — дэфіцыт складоў

Як піша выданне “Беларусы і рынак”, за мінулы год попыт на склады значна вырас. Як тлумачаць аналітыкі, на гэта паўплывалі чатыры фактары. Гэта новыя маршруты экспартна-імпартных таварапатокаў, адаптацыя бізнесу да новых рэалій, паралельны імпарт, рост складскіх запасаў прамысловасці. Найбольш запатрабаваныя вялікія буйныя аб’екты, тады як на рынку ў асноўным даступныя плошчы да 2-3 тысяч квадратаў. Сітуацыя прывяла да нябачанай раней на айчынным рынку з’явы, калі гандлёвыя плошчы перарабілі ў склады — так здарылася, напрыклад, з гандлёвым цэнтрам «Глобус парк» у Мінску, каля 30 тысяч квадратных метраў якога аддалі пад склады. Калі казаць пра стаўкі арэнды, то гэта ад чатырох да сямі еўра за квадратны метр. Агулам цэны на склады ў Менску перавышаюць стаўкі ў сумежных дзяржавах і параўнальныя з цэнамі ў Маскве.

Украінская фасоля рассыпаная на граніцы

Працяг фермерскіх “войнаў”. Як паведаміў міністр інфраструктуры Украіны Аляксандр Кубракоў, на граніцы ў Дарагуску невядомыя пашкодзілі ўкраінскія вагоны з фасоляй. Ён заявіў, што злачынцы “не жадаюць перамогі Украіны”. “Рэгулярнае знішчэнне ўкраінскай сельскагаспадарчай прадукцыі выглядае як спланаваная дыверсія. Наша краіна абараняецца і выжывае таксама дзякуючы фермерам. Таму тыя, хто ўчыніў гэтыя злачынствы, дакладна не зацікаўлены ў міры ва Украіне і ў перамозе цывілізаванага свету. Мы заклікаем польскія праваахоўныя органы неадкладна адрэагаваць”, — напісаў віцэ-прэм’ер. Гэта чарговы інцыдэнт, звязаны з дэмпінгам украінскай сельскагаспадарчай сыравіны.

Цуд сучаснага будаўніцтва

У аддаленай швейцарскай вёсцы рыхтуецца да зборкі самы высокі ў свеце будынак, створаны на 3D-друкарцы. Гэта Белая вежа (Tor Alva), першапачаткова распрацаваная ETH Zurich, уяўляе сабою амбіцыйны праект з больш які сотні калон. На вяршыні будынка размесціцца прастора для правядзення выступленняў. Часткі вежы друкуюць паэтапна, пасля чаго дастаўляюць на будаўнічую пляцоўку ў швейцарскіх Альпах для наступнай зборкі.  Белая Вежа запланаваная ў стылі неабарока і дасягне вышыні 30 метраў. Калоны, створаныя пры дапамозе 3D-друкаркі, будуць падтрымліваць пяць паверхаў і фармаваць напаўадкрыты фасад.

За падзеямі эканомікі ў Беларусі і свеце за тыдзень сачыла Яна Запольская.

Фота: Canetti / shutterstock.