BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Беларусам патрэбная свая “Армія Андэрса”

Пасля задушэння Беларускай рэвалюцыі 2020 году, і пасля саўдзелу лукашэнкаўскай Беларусі ў інтэрвенцыі ва Украіну, у Еўропе ні па Беларусі, ні па беларусах не прынятае выразнае палітычнае рашэнне. 

Карына ў Беластоку думае пра Беларусь

Шэраг палітолагаў мяркуе, што такая сітуацыя склалася праз тое, што доўгі час Беларусь адносілі выключна да сферы адказнасці Расеі. Маўляў, разбяромся з Крамлём, а з Беларуссю – аўтаматычна.

Беларускі палітолаг Роза Турарбекава піша ў сваім блогу пра ўражанні ад жыцця ў Вільні: “Літоўцы рыхтуюцца да вайны. … Беларускае пытанне стаіць востра. … Калі адбудзецца ўварванне беларускага войска, як павядуць сябе беларусы? Не, не праціўнікі Лукашэнкі, а якія “нейтральныя”? Калі атрымаецца перанесці лінію фронту на тэрыторыю Беларусі, як павядуць сябе беларусы, якія знаходзяцца ў Вільні?”

Маё першае пытанне адразу – а дзе літоўскі Іншаземны легіён, у які ўжо цяпер могуць уступіць беларусы? Няма? А чаму дагэтуль няма? Таму што вяртаемся да пачатку – няма палітычнага рашэння.

Наагул Еўропа нагадвае 1938 год, калі нацысцкая Нямеччына ўжо анексавана Аўстрыю, а еўрапейскія палітыкі жывуць учорашнім днём.

У Літве ўсяго адзін блогер развёў шалёную антыбеларускую кампанію. Але тыя 60 000 беларусаў, што маюць літоўскі від на жыхарства, нікуды не з’едуць, прынамсі, большасць. Хоць асадачак застанецца.

Замест таго, каб шукаць і фармаваць са з’ехалых беларусаў саюзнікаў, іх у розных краінах то дыскрымінуюць, то ім часткова дапамагаюць, то зноў дыскрымінуюць.

Ужо не раз была гаворка, што дастаткова шмат беларусаў гатовыя ваяваць за вызваленне сваёй Радзімы. Але яны не хочуць, напрыклад, ісці з ЗСУ, колькі б Полк Каліноўскага не заклікаў.

Таму што ва Украіне літаральна яшчэ ўчора палітычная ўлада ледзь не танчыла з Лукашэнкам, і пры гэтым ганіла людзей, якія сталі пад бел-чырвона-белыя сцягі.

І стаўленне там да беларускіх байцоў бачнае праз тое, што беларусы не атрымліваюць не тое, што грамадзянства, а нават від на жыхарства пасля звальнення з украінскага войска.

У Літве, а лепш у Еўразвязе, варта фармаваць падабенства Арміі Андэрса. Падчас Другой Сусветнай было такое буйное вайсковае фармаванне ў складзе войска Брытаніі, складзеная з грамадзянаў акупаванай Польшчы.

Але ж еўрапейскія палітыкі ўсё яшчэ баяцца раззлаваць Пуціна. 

Магчыма, да першай прыцэльнай ракеты па адной з краін Еўразвязу.

Севярын Квяткоўскі, Беларускае Радыё Рацыя