Святкаванне сёлета доўжылася два дні. Распачалося яно 24 сакавіка ў Вербную нядзелю акцыяй да Дня Волі на плошчы Кудзіркі, а скончылася святочным маршам па вуліцах Вільні і канцэртам Вольнага хору ў Рэфармацкай царкве.
Сёлета ўдзел у свяце прыняло некалькі соцень беларусаў. Некаторыя з іх падзяліліся сваімі пачуццямі і меркаваннем пра Дзень Волі.
– Свята нацыянальнага гонару, душа нашай краіны ў гэтым свяце. Адзінае свята, дзе можна казаць пра даўнюю гісторыю нашую.
– Свята, што надае, з аднаго боку, і стрыжань нашай ідэнтычнасці беларускай, і імпульс да дзейнасці. Бо тады была абвешчаная дзяржава Беларусь. Тым не менш, тады яна не змагла зрэалізавацца. І вось гэтае свята нам, як імпульс, рэалізаваць усе гэтыя заяўленыя патрэбы.
Падчас святочнага маршу беларусы запалілі знічы ў гонар Каліноўскага і паўстанцаў, а таксама палітвязняў каля беларускай амбасады ў Вільні.
Кажа адна з арганізатарак свята і дырэктар валанцёрскай арганізацыі «Дапамога» Наталля Калегава:
— І сёлета было 160 гадоў, калі быў забіты Каліноўскі, акурат 22-га дня. І мы зрабілі так, што запалілі зараз свечкі на могілках Росы. І вось цяпер ля крыжа, дзе ён, на гэтай жа плошчы, мы запалілі свечкі і пранеслі іх да амбасады. Мы абавязаны завяршыць ягоную справу. І мы вельмі верым, што яно такім застанецца.
За два дні свята беларусы наведалі могілкі Росы і ўшанавалі памяць паўстанцаў, правялі аўтапрабег Вільня-Коўна-Вільня, зладзілі экскурсію па беларускіх адрасах віленскіх дзеячоў БНР, арганізавалі круглы стол, прысвечаны Радзе БНР «Актуальнасць ідэалаў 25 сакавіка» з удзелам прадстаўнікоў уладаў Літвы, беларускіх ініцыятываў. А таксама ладзілі канцэрты і беларускія традыцыйныя танцы.
Беларускае Радыё Рацыя