BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Югася Каляда: Улада Лукашэнкі хавала памяць пра Чарнобыльскую катастрофу

26 красавіка 1986 года, на Чарнобыльскай АЭС адбыўся выбух. Наступствы той трагедыі беларусы адчуваюць і цяпер. А ў першыя гады пасля катастрофы на ЧАЭС праўда пра маштаб бяды замоўчвалася. Госця Рацыі – пісьменніца Югася Каляда разважае на тэму чарнобыльскай трагедыі і згадвае падзеі 38-гадовай даўніны ў гутарцы з Юліяй Сівец.

РР: Трагедыя на Чарнобыльскай АЭС паўплывала на жыццё Беларусі, таму што радыёактыўныя ападкі выпалі якраз на нашу тэрыторыю. Ці памятаеце вы ўвогуле гэты дзень, можа з расповядаў бацькоў, родных, што тады адбывалася?

Югася Каляда: Мне было тады пяць гадоў, і я добра запомніла гэтыя дні, яны проста ўрэзаліся ў памяць. Спачатку я запомніла дзень, калі людзі даведаліся пра тое, што адбылася Чарнобыльская катастрофа ў Гомелі. Таму што спачатку нічога пра гэта не было вядома. І калі даведаліся, я памятаю, як мяне забралі з садку, адправілі мыцца, як бацькі абмяркоўвалі піць ёд ці не піць, калі піць, то якім чынам. І я запомніла гэты дзень вельмі добра. І рэтраспектыўна я адматала назад і запомніла той дзень, калі адбылася сама катастрофа, быў вельмі цёплы дзень, і мы з маёй бабуляй былі на лецішчы. Я памятаю свае пяцігадовыя ручкі, якія корпаюцца ў пяску. Мы былі на прыродзе, на лецішчы, ніхто нікуды не хаваўся, і мы цудоўна сустрэлі ўсю гэтую хвалю радыяцыі. Мне запомнілася першая рэакцыя дарослых, і праз яе я зразумела, што адбылося штосьці вельмі экстраардынарнае.

РР: Ці сустракала ты потым, калі вучылася ў школе, ці калі табе было 5 год у садку, калі здарылася гэтая трагедыя, перасяленцаў з Чарнобыльскіх рэгіёнаў? Ці памятаеш іх, бо іх цэлымі вёскамі адсялялі?

Югася Каляда: Дык мы ж гомельскія, да нас не адсялялі, адсялялі ў чыстыя раёны, а наш гомельскі раён быў забруджаны, мы самі былі “чарнобыльскія вожыкі”. Дажду баяліся, не збіралі грыбы, не хадзілі ў лес. Хто быў ў забруджанай зоне, той выдатна памятае тыя наступствы, як мы сцерагліся пылу.

Я потым сутыкнулася з перасяленцамі, больш за тое, я потым сутыкнулася ў Менску, што людзі з умоўна чыстых рэгіёнаў, куды не дайшла хваля радыяцыі, ставіліся насцярожана да чарнобыльскіх. Вось гэта для мяне было шокам, таму што ў нашым асяродку гэта быў удар, які мы прынялі на сябе.  У Рэчыцы былі перасяленцы, але я пра іх не ведала. Праз свой невялікі век я не вандравала па Беларусі.

РР: Цікава паразважаць, чаму так паставіліся беларусы да перасяленцаў? Калі паглядзець на сучаснасць, 2020 год, то там наадварот беларусы скідваліся і цяпер дапамагаюць. Чаму ў 1986 годзе, калі пачаліся вось гэтыя ўсе перасяленні, наадварот інакш паставіліся? Калі апытваеш гэтых перасяленцаў, то да іх ставіліся, што нібыта яны “на халяву” кватэру атрымалі і чаго яны ўвогуле панаехалі?

Югася Каляда: Мне падаецца, што гэта тлумачыцца ксенафобіяй памножанай на абстаноўку ў аўтарытарным грамадстве, калі замоўчваецца праўдзівая інфармацыя, а распаўсюджваюцца плёткі, і гэта цудоўная глеба для ўзрастання страху перад нейкімі іншымі людзьмі.

РР: Наколькі цяпер гэтая чарнобыльская праблематыка актуальная? Ці ў сувязі з 2020 годам, вайной яна адышла зусім на задні план?

Югася Каляда: Я б не сказала, што яна адышла, у нас увогуле пераемнасць гістарычнай памяці перарываецца гвалтоўна і яе трэба падмацоўваць проста высілкамі людзей. Сваёй нацыянальнай дзяржавы ў нас няма, якая забяспечвала б пераемнасць памяці. Адбываецца катастрофа, рэпрэсіі, яна замоўчваецца і заціскаецца. Але б я не сказала, што Чарнобыльская катастрофа забытая. Па-першае, узгадайце, калі пачаўся серыял “Чарнобыль”, я тады рэальна адчула такую еднасць у грамадстве, калі людзі пачалі расказваць пра свае ўспаміны. Аказалася, што ўсе баяцца глядзець гэты серыял, бо чыталі кнігу Алексіевіч, бо там апісаныя жахі. Я памятаю, што нават пісала допіс у Фэйсбуку, што я паглядзела і там не паказана, там толькі ўмоўна, намёк на гэтыя падзеі, маўляў, глядзіце.

Я памятаю, як у каментарах людзі выказваліся і аб’ядналіся. Тое, што людзі прыхоўвалі ў сабе, згадалі – мой тата-ліквідатар, а ў мяне маці-ліквідатар, а мы – перасяленцы.

Улада Лукашэнкі хавала памяць пра Чарнобыльскую катастрофу, яна імкнулася знішчыць і зацерці яе. А чаму? Таму што “Чарнобыльскі шлях” – гэта была адна з самых масавых акцый, таму што людзі даведваліся пра злачынствы савецкай улады.

Цалкам гутарку слухайце ў далучаным файле:

Беларускае Радыё Рацыя