BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Марыя Грыц: Мы маем на мэце кансалідаваць беларускае грамадства

“Новая Беларусь” – праект, створаны беларусамі для беларусаў, які можна насіць з сабой. Новая Беларусь  –  гэта лічбавая платформа. У яе межах акурат стартаваў праект лічбавага кіравання “Будуй сваё”. Як можна быць карысным адно аднаму анлайн? Што можна знайсці на платформе? І што такое ўвогуле “Новая Беларусь”, якую можна насіць у кішэні. На гэтыя і іншыя пытанні адказвае нашая госця, прэс-сакратарка Новай Беларусі Марыя Грыц у гутарцы з Юліяй Сівец.

РР: Што гэта за праект “Новая Беларусь”?

Марыя Грыц: Гэта праект Паўла Лібера, лічбавая платформа, якая збірае ўсе карысныя сэрвісы для беларусаў і беларусак, як за мяжой, так і ўнутры краіны. Нас нядаўна прызналі экстрэмісцкім фармаваннем, таму мы звяртаем увагу людзей, якія ўнутры Беларусі, быць асцярожнымі. Але ў нас вялікая частка нашых карыстальнікаў менавіта з Беларусі, таму што на платформе ёсць, напрыклад, медычны і юрыдычны напрамкі, гэта і кансультацыі. Натуральна зараз у Беларусі вялікая праблема з медыцынай і прававой сістэмай, але нягледзячы на гэта, людзі звяртаюцца па медычныя кансультацыі, таму што могуць не знайсці адмыслоўцаў у паліклініцы, альбо па юрыдычныя, таму што нягледзячы на гэты прававы калапс, трэба ўсё адно вырашаць неяк свае пытанні легальна.

РР: У гэтым дадатку “Новая Беларусь” ёсць не толькі юрыдычныя кансультацыі, але наконт беларускай мовы, забавы для дзяцей, нейкія вандроўкі, то бок таксама і забаўляльны кантэнт.

Марыя Грыц: Ёсць і забаўляльны, і навучальны. У нас ёсць, напрыклад, карысны анлайн. Калі вы хочаце чамусьці вучыцца, то можаце знайсці для сябе ўласна карыснае штосьці альбо штосьці шукаеце, альбо мажліва вы робіце сабе такі рускамоўны дэтокс, які цяпер вельмі папулярны, калі людзі намагаюцца замясціць расейскамоўныя крыніцы інфармацыі беларускімі, то таксама можна знайсці штосьці карыснае. Можна падтрымаць розныя ініцыятывы, можна глядзець афішу падзеяў,. Натуральна ў Беларусі мы ўжо не ставім афішу, але калі вы за мяжой, то можаце адкрыць аплікацыю і паглядзець, што побач з вамі робяць беларусы.

РР: З якой мэтай ствараўся гэты праект “Новая Беларусь”, таму што і так ёсць розныя дадаткі?

Марыя Грыц: Мы маем на мэце кансалідаваць беларускае грамадства, таму што, натуральна, шмат людзей з’ехала за мяжу і з цягам часу ёсць вялікая верагоднасць, што мы асімілюемся. Хтосьці стане літоўцамі, хтосьці стане палякамі, хтосьці іншымі замежнікамі, але было б файна даць людзям магчымасць заставацца беларусамі і беларускамі і проста гуртавацца.

Звычайна людзі гуртуюцца вакол нейкай ідэі або карыснасці, і таму вось, напрыклад, “Мапка”, таксама наш сэрвіс, ён прапаноўвае паглядзець, дзе якія беларускія сэрвісы альбо крамы, каб мы маглі падтрымліваць сваіх у любой краіне. І таксама вось у нас зараз ідзе другі сезон праекта “Будуй сваё”, калі беларусы і беларускі могуць, падаючы сваю дэкларацыю ў падатковую, накіраваць адсоткі на дабрачыннасць нашым партнёрскім установам, у Літве гэта “Зубр”, у Польшчы гэта “Тутака”.

І я хачу адзначыць, што мы не збіраем грошы на “Новую Беларусь”, а мы збіраем грошы на праекты. То бок людзі, якія вылучыліся праз гэтую падачу дэкларацый, могуць прапаноўваць свае ідэі, могуць абмяркоўваць чужыя ідэі, прапаноўваць людзям, якія ўжо заявілі свае ідэі, напрыклад, сваю кампетэнцыю, можа, дапамогу, увайсці ў склад каманды. То бок там даволі шырокія варыянты, што можна зрабіць, каб ажыццявіліся беларускія ініцыятывы, таму што паглядзім праўдзе ў вочы – нам  вельмі не хапае добрых навінаў і нейкіх беларускіх перамог, хай сабе і маленькіх.

Але калі вось ажыццявяцца  гэтыя ідэі, гэтыя прапановы, гэта будуць такія слушныя крокі ў тое, каб беларускасці станавілася ўсё больш і каб нам было пагаварыць пра нешта добрае.

Цалкам гутарку слухайце ў далучаным файле:

Беларускае Радыё Рацыя