BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Палітычны эксперт патлумачыў розніцу паміж дыктатарскімі рэжымамі Беларусі і Расеі

У нашым эфіры пабываў палітычны аналітык Вадзім Мажэйка.

РР: Расейская апазіцыя абвесціла акцыю «поўдзень супраць Пуціна», і я адразу падумаў пра пытанне пратэснага галасавання. Тое што мы бачылі ў 2020 годзе, калі людзі збіраліся на выбарчыя ўчасткі, стаялі там у чэргах. Ці цяпер у Расеі назіраецца падобнае пратэснае галасаванне. Былі выпадкі, калі людзі прабавалі зялёнкай папсаваць бюлетэні. Ці гэта тое самае пратэснае галасаванне, якое было ў нас у Беларусі ў 2020 годзе?

– Мне здаецца, што розніца вынікае натуральным чынам з таго, як сам выбарчы працэс да дня галасавання адрозніваўся, бо, па-першае, у бюлетэні няма імя Юліі Навальнай, як было імя Святланы Ціханоўскай. Па-другое, Аляксей Навальны ўжо забіты Пуцінскім рэжымам у адрозненні ад Сяргея Ціханоўскага, пра якога цяпер няма інфармацыі, але прынамсі на момант 9 жніўня 2020 года не было ніякіх падазрэнняў ён жыве ці не. Адпаведна, гэта фундаментальныя прычыны, бо канешне той факт, што не толькі Юліі Навальнай няма, а няма і іншых палітыкаў, то бок тых людзей, якія выступалі з антываенных пазіцый, што ў сённяшняй Расеі галоўная апазіцыйная прыкмета. Такіх людзей у бюлетэнях няма. І ў гэтым сэнсе безумоўна, гэта і самі расейцы адзначаюць, што рэжымы адзін у аднаго вучацца. Тое, наколькі Лукашэнка недаацаніў жанчыну, падумаў што можна яе пусціць у бюлетэнь, то цяпер старыя дыктатары такой памылкі рабіць не будуць.

Яны паглядзелі на Лукашэнку, пабачылі да чаго ён давёў, і канешне не хочуць гэтага паўтараць. Адпаведна таксама тое, наколькі жорстка і рашуча дзейнічае пуцінскі рэжым, што быў забіты Аляксей Навальны, і гэта таксама розніца з Менскам. У 2020 годзе было бачна наколькі вагаецца беларускі рэжым, наколькі ён вагаецца з ужываннем сілы. Да 9 жніўня безумоўна былі затрыманні, але брутальнага ўжывання сілы, якое запужала бы людзей не было. Пасля гэтага мы бачылі, што адбылося ў наступныя дні. Рэжым стасаваў сілу, але праблема была ў тым, што вагаўся гэтага, і атрымаў у выніку для сябе найгоршы варыянт. Калі з аднаго боку, беларусы былі відавочна раззлаваныя прымяненнем сілы супраць мірных людзей, таму выходзілі ланцугі салідарнасці, жанчыны ў белым з кветкамі. Але з другога боку беларусы не былі настолькі напужаныя гэтай сілай, каб не выйсці на вуліцы.

Цалкам гутарку слухайце ў далучаным файле:

Беларускае Радыё Рацыя