Развітанне з Лізаветай пачнецца ў чацвер, 14 сакавіка, а 13:00 на Паўночных могілках (Cmentarz Północny). Пра гэта паведаміў ейны хлопец Даніла. Ён таксама выказаў вялікую падзяку ўсім за шчырую падтрымку:
«Я атрымаў вялізную колькасць прапаноў дапамогі ад беларусаў, украінцаў, палякаў. Дактары, юрысты, служкі царквы і проста неабыякавыя людзі ўвесь гэты час падтрымлівалі, дапамагалі, былі побач, маліліся». Па словах Данілы, падчас пахавання слова будзе дадзена толькі служкам царквы і блізкім.
Нагадаем, што 25-гадовая беларуска Лізавета, якую згвалтавалі і душылі ў цэнтры Варшавы, памерла 1 сакавіка ў шпіталі, у якім прабыла амаль тыдзень пасля нападу. Падазраваным аказаўся 23-гадовы грамадзянін Польшчы. Яго арыштавалі на тры месяцы. Па выстаўленых абвінавачаннях яму пагражае пажыццёвае зняволенне. 6 сакавіка ў польскай сталіцы прайшоў марш памяці Лізаветы.
Паводле “Белсат”