Ператрус правялі ў бацькоў рэдактара выдання «Віцебскі кур’ер news» Аляксандра Корнышава.
Як паведамляе Беларуская асацыяцыя журналістаў, Корнышаў пакінуў Беларусь у 2020 годзе.
Следчыя і міліцыянты прыйшлі ў дом да ягоных бацькоў пасля яго інтэрвію тэлеканалу «Белсат», які ўлады лічаць «экстрэмісцкім фармаваннем».
Корнышаў кажа, што ўжо 25 гадоў не жыве ў бацькоўскай хаце, хоць і прапісаны там. Бацькам Корнышава за 80, бацька перанёс два інсульты.
Ператрус праводзіўся ў рамках крымінальнай справы, бацькі праходзяць па ёй як сведкі.
Як піша БАЖ, незадоўга да ператрусу следчыя звязваліся з братам Корнышава.
Сам Аляксандр Корнышаў цяжка хворы, мае патрэбу ў дзвюх аперацыях і доўгай рэабілітацыі.