BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Пра “Пагоню” і пільных міліцыянтаў

Сталічная міліцыя затрымала двух кіроўцаў за тое, што на іх аўтамабілях былі ўсталяваныя рамкі для нумараў з выявай герба «Пагоня».

Здымак ілюстрацыйны: drive2.ru

Пра гэтыя выпадкі стала вядома з публікацый паведамленняў так званага суда Ленінскага раёна. Абодва аўтамабілісты былі пакараныя арыштамі. Абодвух адправілі на суткі, бо на іх звярнулі ўвагу пільныя міліцыянты. Хоць грамадзяне спрабавалі ў так званым судзе давесці, што яны нумарамі з «Пагоняй» не выяўлялі ніяк сваю грамадска-палітычную пазіцыю, але іх прадказальна не пачулі. У заключэннях суддзі фігуруюць стэрэатыпныя фразы: «Дэманстраваў на рамцы для нумарнага знака аўтамабіля выяву герба «Пагоня» ў якасці сімволікі пратэснага характару менавіта з мэтай выяўлення грамадска-палітычных інтарэсаў». То бок пікетаваў. Вось так. Нават калі не дэманстраваў, усё роўна самы гуманны суд на свеце цябе аформіць у правапарушальнікі.

Але цікава іншае: герб «Пагоня» дагэтуль знаходзіцца ў так званым дзяржаўным спісе нематэрыяльнай гісторыка-культурнай спадчыны Беларусі. Гэты сімвал з’яўляецца элементам геральдык Віцебскай вобласці, Лепеля, Магілёва. А ў беларускай Рэчыцы – які кашмар – цалкам сабе кананічная «Пагоня» зʼяўляецца гербам горада і размешчаная на білбордах на ўездзе ў населены пункт. Але міліцыянтаў, якія бачаць пад кожным кустом апазіцыянера, такім аргументам не прабʼеш. Хаця справа, магчыма, у іншым. Гэта сапраўдных злодзеяў паспрабуй яшчэ затрымай. Яны ж могуць і супраціў аказаць. А людзі з «Пагонямі» на нумарах, хутчэй за ўсё, супраціўляцца не будуць. Глядзіш, яшчэ і прэмію атрымаць можна за затрыманне патэнцыйнага апазіцыянера, нават калі ён і не апазіцыянер зусім.

Беларускае Радыё Рацыя