BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Развітанні пачатку сакавіка

У Варшаве пайшла з жыцця беларуска Лізавета, у Маскве пахавалі Аляксея Навальнага, у Варшаве ж развіталіся з журналістам Андрэем Александровічам. Усе тры навіны з 1-га сакавіка.

Фота: k1news.ru

Лізавета не выжыла, забойца дасягнуў сваёй мэты. Злачынцу пагражае пажыццёвае зняволенне, і наўрад ці шмат каго зацікавіць яго лёс за кратамі.

У гісторыі са згвалтаваннем і забіццём дваццацігадовай палітычнай эмігранткі з Беларусі Лізаветы для нас важны чарговы прыклад яднання беларусаў, калі на планаваную медычную рэабілітацыю дзяўчыны цягам трох дзён больш за дзесяць тысяч чалавек сабралі больш як 137 000 долараў у эквіваленце. Беларуская салідарнасць на маршы.

____________________

У Маскве пахавалі Аляксея Навальнага. Што з таго беларусам? Былы апазіцыйны расейскі палітык адзначыўся ў свой час дастаткова праімперскімі выказваннямі, у тым ліку пра легітымнасць захопу Расеяй Крыму, дзясятыя ўгодкі анексіі гэтай украінскай тэрыторыі – 3 сакавіка, праз два дні пасля пахавання.

Тым не менш, для беларусаў важна сачыць за любымі прыкметамі аслаблення рэжыму Крамля і Пуціна персанальна. Бо чарговае акно магчымасцяў для беларусаў вызваліць сваю краіну ад акупацыі лукашэнкаўскіх калабарантаў з Крамлём раскрыецца акурат падчас аслаблення аўтарытарызму ў Расеі.

Асабіста я ўбачыў досыць шмат людзей, якія прыйшлі развітацца з Аляксеем Навальным, хоць і без сімволікі, але са скандаваннем. Зразумела, што гучнае «дайце развітацца!» з дзясяткаў, ці нават сотняў, ротаў – гэта палітычнае выказванне.

А развітацца акурат было дазволена не ўсім.

Што ж, магчыма, мы назіралі гуртаванне людзей вакол апошняга на бліжэйшы час «цэнтральнага» апазіцыйнага імя ў Расеі.

З іншага боку, у расейскіх рэгіёнах выспяваюць свае апазіцыйныя рухі. Галоўнае, каб яны дзейнічалі сінхронна, інакш калі паасобку, то будуць раздушаныя.

____________________

Андрэй Александровіч – беларускі журналіст, апошнім часам рэдактар выдання «Белорусы и рынок», ён пайшоў з жыцця ў Варшаве. 

Як і большасць незалежных журналістаў быў вымушаны выехаць з Беларусі, каб працягваць прафесійную дзейнасць. Пры тым, што дырэктар выдання «Белорусы и рынок» Канстанцін Залатых асуджаны, і знаходзіцца за кратамі.

Андрэй Александровіч – прызнаны ў медыйным асяроддзі прафесіянал высокага ўзроўню. Таксама імя Андрэя добра вядомае людзям, звязаным з фінансамі і бізнесам, і адпаведна чытачам эканамічнай тэматыкі.

Севярын Квяткоўскі, Беларускае Радыё Рацыя