BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Сяргей Шупа: Беларусь пачалася тады, калі яе жыхары адчулі сябе нечым асобным

Якая сучасная дзяржава з’яўляецца нашчадкам Вялікага Княства Літоўскага? Каму належыць Міндаўг – беларусам ці літоўцам? Гэтыя ды іншыя падобныя пытанні цяпер актыўна і востра абмяркоўваюцца як у беларускім незалежным, так і ў літоўскім грамадствах. З гэтымі пытаннямі мы звярнуліся і да вядомага беларускага перакладчыка і журналіста Сяргея Шупы, з якім паразмаўляла Яна Запольская.

Фота: Violetta Savchits

РР: Апошнім часам, калі сачыць за незалежнай беларускай прэсай, за тым, што абмяркоўваюць у незалежным беларускім грамадстве, часта ўзнікае пытанне гістарычнага кантэксту, і шмат ідзе дыскусій, нават вострых, пра спадчыну Вялікага Княства Літоўскага. Для вас асабіста калі гісторыя Беларусі пачынаецца?

Сяргей Шупа: Калі браць Беларусь як геаграфічнае паняцце, то гісторыя Беларусі пачынаецца з таго часу, калі ўвогуле пачынаецца фізічная гісторыя Зямлі і гэтай мясцовасці, на якой Беларусь знаходзіцца. Тады трэба вывучаць абсалютна ўсё, што на гэтай тэрыторыі сённяшняй Беларусі калісьці адбывалася, гісторыю ўсіх народаў і этнасаў, якія там жылі. Калі мы гаворым пра гісторыю Беларусі. Так што тут адказ вельмі просты, калі так сфармуляванае пытанне. Калі казаць пра паняцце палітычнае, з гэтым ужо ёсць складанасці, бо няпроста вызначыць, калі пачынаецца палітычная гісторыя Беларусі, мы тады мусім шмат нейкіх каментароў даць на конт таго, што такое Беларусь увогуле.

РР: То бок, геаграфічна, гэта ўсё, што адбывалася на той зямлі, якая цяпер з’яўляецца Беларуссю, пачынаючы з першых згадак у гістарычных крыніцах.

Сяргей Шупа: Гэта з дыназаўраў пачынаючы.

РР: Разумею, што гэта складанае пытанне, калі казаць пра палітычную гісторыю Беларусі. Для вас яна сягае да Вялікага Княства Літоўскага, ці гэта будзе 1918 год і абвяшчэнне незалежнасці БНР?

Сяргей Шупа: Тут трэба ўжо зважаць на тое, калі Беларусь і беларусы самі пачалі сябе адчуваць нечым асобным ад сваіх суседзяў. І тут гэтая мяжа, калі такое адчуванне пачалося, патанае ў нейкай імгле стагоддзяў. Мы пачынаем палітычны радавод сённяшняй Беларусі ад старажытнарускіх княстваў – Полацкага, Турава-Пінскага і іншых. На колькі яны паміж сабой адчувалі нейкую еднасць, якая пасля, праз стагоддзі, стала разам успрымацца як Беларусь, сказаць вельмі цяжка. Яны там паміж сабой усе ваявалі, адны з аднымі. Але гаворка пра тое, наколькі яны сябе адчувалі нейкім асобным этнічным утварэннем, я думаю, пра тыя гады, тыя стагоддзі гаварыць увогуле няма чаго. У людзей не было ў тыя часы ідэнтычнасці этнічнай. Была, у пэўным сэнсе, культурна-рэлігійная ідэнтычнасць, была ідэнтычнасць моўная, калі людзі адны адных разумелі. Але на што яшчэ гэта магло ўплываць, якія яшчэ еднасці ўтвараць, сказаць цяжка.

Пасля пачынаецца гісторыя ў складзе Вялікага Княства Літоўскага. І тут ужо гэтая сітуацыя трошкі праясняецца, таму што вызначылася тэрыторыя, спачатку менш выразна, а пасля Люблінскай уніі, пасля таго як амаль акрэсліліся ўсходнія, паўдзённыя і заходнія межы амаль што ў такім выглядзе, як і сёння. На гэтай тэрыторыі пачынаецца нейкая еднасць фармавацца і людзі пачынаюць сябе адчуваць, што яны належаць да нейкай цэласці. Гэтую цэласць утварала, што тычыцца геаграфіі, што тычыцца гэтай мяжы, менавіта існаванне ў межах адной дзяржавы – Вялікага Княства Літоўскага. У нейкім сэнсе можна сказаць, што Вялікае Княства Літоўскае спарадзіла беларусаў, ці протабеларусаў, той народ, тое этнічнае ўтварэнне, якое пасля пачало сябе называць беларусамі, таму што яно адмежавала ад іншых усходніх славянаў. Стаць беларусам – гэта значыць не быць рускім і не быць украінцам. Таму гэтыя межы для беларусаў вызначальныя. Няма праблемы адрозніць беларуса ад літоўца, ці нават ад паляка. І таму, калі ўзніклі усходнія і паўдзённыя межы ВКЛ, фактычна ўзнікла падстава для фармавання беларусаў у асобную этнічную адзінку, такую протанацыю. Але ўсё роўна яшчэ такога ўяўлення, што яны беларусы, яшчэ не было. Сам тэрмін гэты значна больш позні. Там былі тэрміны русіны, але гэты тэрмін адносіўся і да украінцаў. Мова звалася рускай, гэтак называлі сваю мову і ўкраінцы, і жыхары Маскоўскага княства. Так што гэта яшчэ было не зусім выразнае. Пераважная рэлігія была праваслаўе, але і гэта з часам пачало размывацца. Пасля прыйшла ўнія, і амаль усё славянскае насельніцтва перайшло пад грэка-калатцкую юрысдыкцыю. І ўсё гэта вяло ўрэшце-рэшт да таго, што пад канец 19 стагоддзя на палітычнай мапе Еўропы з’явіліся беларусы.

РР: І яшчэ, калі казаць пра ВКЛ, вы кажаце, мова руская, але мы любім падкрэсліваць, што ўсё ж такі Статут ВКЛ быў напісаны на старабеларускай мове, якая мела ўжо некаторыя элементы будучай нашай беларускай мовы. Гэта, напэўна, таксама важны момант.

Сяргей Шупа: Так. Я кажу пра тэрміны. У Статуце напісана ў прадмове, што законы павінны быць пісаны рускімі літарамі, рускім языком. Так што тэрмін быў такі. Старабеларуская – гэта ўжо назва нашага 20 стагоддзя, каб неяк задняй датай гэтую мову неяк акрэсліць. Украінцы яе называюць стараўкраінскай. Можна было б спрачацца, але думаю, спрачацца няма ніякага сэнсу, таму што пісьмовая мова беларусаў і ўкраінцаў таго часу, гэтага русінскага насельніцтва ВКЛ, мала адрознівалася. Часам там сустракаюцца нейкія памылкі ў напісанні, якія дазваляюць сказаць, ага, гэта пад уплывам беларускай, а гэта пад уплывам украінскай. Яна пачыналася на нейкіх валынскіх узорах. А пасля, калі канцылярыя перамясцілася ў Вільню, то ўжо сталі беларускія моўныя рысы праяўляцца. Вядома, гэта была мова не зусім тая, на якой людзі рэальна гаварылі. Я кажу і пра мову Статута, і пра мову Літоўскай Метрыкі. Гэта мова, якая прыстасаваная для канцылярскага, для адміністрацыйнага ўжытку. Але ўсё роўна аснова яе была тая самая, на якой гаварылі жыхары, у тым ліку сяляне значнай часткі ВКЛ.

Так што ёсць тут пераемнасць. Гэта мова, якая ў пісьмовым сваім выглядзе памерла пад канец 17 стагоддзя, але ў сваёй размоўнай форме захоўвалася пад сялянскай страхой. Яна адрознівалася ад канцылярскай формы, але гэта ўсё разглядаецца ў межах адной моўнай сістэмы. Так што сёння яе называць старабеларускай, з усімі агаворкамі, я думаю, мы мае поўнае права.

РР: Калі казаць пра нас беларусаў, ці правільнае такое азначэнне, што мы маладая нацыя?

Сяргей Шупа: Калі разглядаць беларусаў як нацыю, то фактычна ўсе нацыі маладыя. Нацыя – гэта паняцце, якое ўзнікае недзе найраней канец 18 – пачатак 19 стагоддзяў. Беларуская нацыя пачала неяк азначаць сябе пад канец 19 стагоддзя. Так што ўсё гэта можна лічыць даволі маладымі з’явамі. Успомнім што яшчэ на пачатку 19 стагоддзя, напрыклад, не было ніякай Нямеччыны, ніякай Італіі. Ці мы можам гаварыць у дачыненні тых часоў пра існаванне нямецкай нацыі, ці італьянскай нацыі? Цяжка сказаць. Чалавек, які жыў у якім-небудзь Берліне, хто ён, якая гэта нацыя была? Пруская? Таму што гэта была Пруская імперыя. Ці нямецкая нацыя? Гаварылі яны таксама фактычна на розных дыялектах, якія маглі быць іншымі мовамі. І толькі фактычна ў другой палове 19 стагоддзя ўсё пачало больш-менш выясняцца. І тады Італія аб’ядналася. Нямеччына пад Бісмаркам аб’ядналася. І нацыі пачалі набываць сучасны выгляд, якімі мы іх уяўляем сёння. І беларуская нацыя, ясна, што яна была ў сілу неспрыяльных геапалітычных і, я б сказаў, лінгвістычных абставін, яна спазнілася ў гэтым развіцці, але таксама ў гэты цягнік ускочыла, магчыма, адной з самых маладых. Праблема лінгвістычная ў тым, што, параўнаем, напрыклад, з літоўцамі, ніхто не мог бы пераканаць літоўцаў, што яны гавораць на нейкай сапсаванай польскай, тым больш сапсаванай расейскай мове. І гэта іх абараніла і ў нацыястварэнні дапамагло. Яны адразу ў канцы 19 стагоддзя зрабілі стаўку нацыі на этналінгвістычным падмурку, махнулі рукой на шматмоўнасць, шматкультурнасць, шматканфесійнасць ВКЛ, і стварылі новую дзяржаву на падставе новай нацыі, у аснове якой ляжала мова. Тое самае было і ў беларусаў. Калі параўнаць, 1883 год – гэта літоўскі маніфест, напісаны Басанавічусам, і там фактычна сказана, хоць і іншымі словамі, «не забывайце ж мовы нашай літоўскай, каб не ўмёрлі». Ён там піша, што самая вялікая пагроза для існавання літоўскай нацыі – гэта асіміляцыя. Амаль тое ж самае праз некалькі гадоў сказаў у прадмове да зборніка “Дудка беларуская” Францішак Багушэвіч.

Цалкам размова:

Нашым госцем быў перакладчык і журналіст Сяргей Шупа. Акрамя шматлікіх перакладаў, спадар Сяргей вядомы таксама як укладальнік “Архіваў БНР”, за якія стаў лаўрэатам прэміі імя Алеся Адамовіч, а таксама як аўтар архіўнага рамана “Падарожжа ў БНР”.