BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

У Беларусі праходзяць ператрусы па справе актывістаў дыяспары

У Беларусі адбываюцца ператрусы па крымінальнай “справе актывістаў дыяспары”.

Пра гэта ў сацсетках паведаміў заснавальнік фонду BySol Андрэй Стрыжак. Па яго словах, выпадкі ператрусаў пакуль нешматлікія.

“Вядома да дзесяці выпадкаў. Справа супраць актывістаў дыяспары перакрыжоўваецца па персаналіях і з чальцамі Каардынацыйнай рады і з Офісам Ціханоўскай. Можа быць дастаткова шмат перакрыжаванняў”, — перадае Радыё “Свабода” словы Стрыжака.

Паводле Стрыжака, да некаторых людзей сілавікі могуць прыйсці па некалькі разоў за кароткі час. Прычым для іх не важна, што людзей можа не быць у Беларусі ўжо вельмі даўно.

Сёння ператрус адбыўся ў менскай кватэры кіраўніка Malanka Media і платформы ZUBR Паўла Марыніча. Ён жыве па-за межамі Беларусі з 2010 года.

Таксама стала вядома, што Следчы камітэт вядзе расследаванне па актывістах дыяспары, аб’яднаных у “Народныя амбасады” і “Беларусы замежжа”.