BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

У Віцебскай вобласці новы ваенны камісар – Дзмітрый Вальфовіч

Загадам Міністэрства абароны на пасаду ваеннага камісара Віцебскай вобласці назначаны палкоўнік Дзмітрый Вальфовіч. Гэта родны брат цяперашняга Дзяржаўнага Сакратара Савета бяспекі Рэспублікі Беларусь генерал-лейтэнанта Аляксандра Вальфовіча, паведамляе “Віцебская вясна”.

Нарадзіўся Дзмітрый Рыгоравіч у 1972 году ў Расейскай федэрацыі. У 1994-м скончыў Казанскую вышэйшую танкавую камандную вучэльню, затым камандна-штабны факультэт Ваеннай акадэміі Рэспублікі Беларусь. З 1994 года праходзіць ваенную службу ва Узброеных сілах на пасадах афіцэрскага складу, з 2014-га – у сістэме ваенных камісарыятаў. Узнагароджаны медалямі “За бездакорную службу” I і II ступеней, медалём “За адзнаку ў ваеннай службе” III ступені, медалём Суворава.

Як піша “Наша Ніва”, Дзмітрый Вальфовіч быў удзельнікам першай чачэнскай вайны. Туды малады лейтэнант патрапіў, пасля таго як яго завербавала Федэральная служба контрвыведкі (ФСК) Расеі. І ўдзельнічаў Вальфовіч у гэтай вайне не ў складзе расейскага войска, а ў чачэнскай апазіцыі Дудаева, якая, на думку контрвыведкі, і павінна была ўзяць уладу ў рэспубліцы. Дзеля гэтага з Масквы апазіцыі дапамагалі зброяй і людзьмі, сярод якіх і быў Вальфовіч.