BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Вольга Верамеенка: Мы ўсё адно сваё забярэм

Наколькі цяжка адчуваць, што тваю маёмасць могуць забраць толькі за тое, што гандляваў беларускімі сімваламі і сувенірамі? Ці застаецца надзея на вяртанне на радзіму і вяртанне адабранага дому? Гаспадыня крамы “Адметнасць” Вольга Верамеенка разважае над тым, ці адкрылі б яны сваю прастору, калі б ведалі, чым усё гэта скончыцца. Гутарку вядзе Юлія Сівец. 

РР: Пачнем з такой непрыемнай навіны, што вашу старонку ў “Фэйсбуку” прызналі экстрэмісцкім фармаваннем. Наколькі гэта для вас было чакана ці нечакана?

Вольга Верамеенка: Не толькі маю старонку ў “Фэйсбуку”, а таксама мой тэлеграм-канал, маю старонку ў “Аднакласніках”, нашай крамы “Адметнасць”, а таксама майго мужа. Мне гэта ўвогуле паведамілі журналісты, якія хацелі пачуць мой каментар наконт гэтага. А так увогуле я гэтага не ведала і не адсочвала. Чакана ці нечакана – не ведаю. Было разуменне, што гэта можа адбыцца, але мне ўсё адно, што яны там прызнаюць, думаюць і з чым яны гуляюцца.

РР: Акрамя таго, што прызналі старонкі ў сацыяльных сетках экстрэмісцкімі, таксама ў Беларусі на вашага мужа завялі спецвытворчасць. Што гэта азначае для вашай сям’і?

Вольга Верамеенка: Тое, што завялі спецвытворчасць, таксама даведаліся ад знаёмых і пасля паказалі нам на сайце “Вясны”. Спецвытворчасць, наколькі я разумею, у дадзеным выпадку і ў гэтых умовах яго будуць завочна судзіць па нейкай справе. Я так зразумела, што гэта за 2020 год справа. Ніякіх эмоцый асаблівых не выклікае, дзіўнае такое, гэта вар’яцкая ўлада, нейкія сабе прыдумляюць законы, якія самі не выконваюць. Завялі дык завялі, падабаецца ім завочна судзіць – хай сабе судзяць. Але ж у мяне ёсць разуменне, у майго мужа таксама ёсць разуменне, што гэта не проста так, гэта робіцца для таго, каб застрашыць нас у першую чаргу, а таксама тых людзей, якія засталіся яшчэ ў Беларусі.

А што тычыцца нас, якія непрыемнасці – па-першае, наша хата, у якой мы жылі, пад арыштам зараз знаходзіцца, наколькі нам гэта вядома. Вядома ж, гэта непрыемна, але я вельмі добра разумею, чым гэта скончыцца. Яны падвядуць пад які-небудзь штраф хутчэй за ўсё, таксама прысудзяць нейкі тэрмін, не без таго. І калі мы не зможам выплаціць штраф, зразумела, што яны будуць выстаўляць нашу хату, нашу маёмасць на аўкцыён ці на продаж, нешта такое. То бок я раблю такія высновы з таго, што спецвытворчасць у адносінах да іншых людзей скончылася вось такім вынікам. Таму думаю, што і ў нас таксама такое будзе.

РР: Ці думаеце, чым усё гэта скончыцца ў бліжэйшыя пяць год? Ці ёсць надзея на тое, што ў вас усё ж такі ўсё скончыцца і вы вернеце і сваю маёмасць, і старонкі перастануць быць экстрэмісцкімі?

Вольга Верамеенка: Так, я ўпэўненая, што ў бліжэйшыя тры гады мы зможам вярнуцца і зможам забраць сваю маёмасць. Можа спатрэбіцца нейкі час, але мы будзем папярэджваць тых людзей, якія надумаюцца набываць штосьці з нашай маёмасці, што гэта ўсё было незаконна, нас абрабавалі, у нас скралі нашу маёмасць, і мы, зразумела, стоадсоткава яе будзем вяртаць, хто б там не жыў і на якіх бы ўмовах ён гэтую маёмасць не набываў. Гэта адназначна. І мы вернемся, я думаю, што бліжэй, чым за пяць гадоў. Я чамусьці разлічваю на тры гады.

РР: А адкуль такая перакананасць, што тры гады?

Вольга Верамеенка: Інтуітыўна, хутчэй за ўсё. Можа, яшчэ і спадзеў такі. З усіх фактараў, якія я магу аналізаваць, з тых рэчаў, якія адбываюцца вакол, я чамусьці лічу, што гэта будзе ў бліжэйшыя тры-чатыры гады. І я ў гэтым упэўненая.

Цалкам гутарку слухайце ў далучаным файле:

Беларускае Радыё Рацыя