Берасцейскі рок-гурт “Дай Дарогу!” зладзіў вялікі электрычны канцэрт у Варшаве. Падчас яго музыкі выканалі каля 30 песень: сярод іх – як даўно вядомыя, так і новыя, кшталту “Балаклавы”.
Імпрэза прайшла пры поўнай зале: усе квіткі на падзею былі прададзеныя. Эмоцыямі на гэты конт падзяліўся лідар “Дай Дарогу!” Юрый Стылькі:
– Гэта не можа не радаваць, бо мы ж пішам песні для людзей, якія павінны і абавязаны прыйсці да нас на канцэрт. Мы чакалі ўсіх, і так атрымалася, што людзі знайшлі час, выдаткавалі яго нам – вялікі дзякуй. Мы ўзялі яшчэ гітарыста, дакладней Васю паставілі на гітару, бо ён ад пачатку гітарыст, таму што раней ён у нас на басу граў. І ўзялі Уладыка, які проста маэстра на басу. І тым самым узмацнілі і ўзбагацілі гучанне.
Адну з кампазіцый гурт “Дай Дарогу!” выканаў разам з запрошаным рок-музыкам Лявонам Вольскім. Таксама імпрэзу падтрымаў Direktor DJs.
Марына Савіцкая, Беларускае Радыё Рацыя