BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Канцэрт CLASSIC-MODERN ORCHESTRA у Беластоку

Такога высокага роўню беларускамоўнага канцэрту Беласток яшчэ не бачыў і ня чуў у сваёй гісторыі!

25 сакавіка ў Падляшскай філармоніі адбыўся ўрачысты канцэрт «Беларускі музычны краявід: Гісторыя пра волю». Галоўны арганізатар – Цэнтр беларускай культуры ў Беластоку, для якога такі канцэрт стаў першай значнай падзеяй у распачатай са студзеня дзейнасці на Падляшшы. Кажуць госці канцэрта ў гонар Дня Волі ў Філармоніі:

— Я марыў, каб такі канцэрт быў сімфанічны. Каб свята, было на такім роўні. І дачакаўся.

— Пазітыўны дзень, каб яго адзначыць старажытнай музыкай.

— Вельмі добрая, класная.

— Рэха гэтых моцных словаў, што прагучалі 106 гадоў таму, яны гучаць і да сёння і адбіваюцца ад розных сценаў штогод 25 сакавіка.

— Жыве Беларусь!
— (грамада) Жыве вечна!

Павіншаваў беларусаў са святам Дня Волі Падляшскі ваявода Яцэк Бжазоўскі:

— Лічу, што гэта адно з найважнейшых святаў у гісторыі кожнай краіны і народа і, бадай, самае галоўнае свята ў пантэоне дзяржаўных святаў.
25 сакавіка 1918 г. палітычная архітэктура Еўропы змянілася ў выніку рашэнняў аб заканчэнні Першай сусветнай вайны, і ў выніку гэтых рашэнняў была створана незалежная Рэспубліка Беларусь.
Нацыя можа існаваць без дзяржавы, але не можа існаваць без культуры, без мовы. Вельмі крануты і ўзрушаны тым, што я магу разам з беларускай дыяспарай адзначыць гэтае свята волі, гэтае свята свабоды, гэтае свята незалежнасці і жадаю ўсім беларусам дажыць да свабоднай і дэмакратычнай прававой дзяржавы.

Цалкам слухайце ў далучаным гукавым файле

25 сакавіка ў Падляшскай філармоніі адбыўся ўрачысты канцэрт «Беларускі музычны краявід: Гісторыя пра волю». Галоўны арганізатар – Цэнтр беларускай культуры ў Беластоку, для якога такі канцэрт стаў першай значнай падзеяй у распачатай са студзеня дзейнасці на Падляшшы. З гэтай нагоды быў створаны адмысловы беларуска-польскі сімфанічны аркестр «Classic-Modern Orchestra». Яго склалі Варшаўскі Вольны Аркестр, у якім граюць беларускія прафесійныя музыкі, а таксама польскія прафесійныя музыкі.

У праграме канцэрта — музычныя шэдэўры такіх аўтараў, як Станіслаў Манюшка, Антоній Генрык Радзівіл, Канстанцін Горскі, Ян Тарасевіч, Мікалай Шчаглоў-Куліковіч, Мікола Равенскі, Яўген Глебаў, Уладзімер Солтан, Сяргей Ліпень, Канстанцін Яськоў і іншыя. Лейтматывам усяго канцэрта была тэма любові да роднага краю і страты, тугі па Радзіме, гістарычнага драматызму лёсу беларусаў і адначасова аптымізму, надзеі і імкнення да лепшай будучыні. З такімі настроямі ў будынак Падляшскай філармоніі завіталі беларусы Падляшша і беларусы-мігранты. Апошнія апранулі нават беларускія традыцыйныя строі ўласнага вырабу.

Уся зала стоячы выканала гімн “Мы выйдзем шчыльнымі радамі”.

Многія госці адзначылі важнасць менавіта класічнага суправаджэння і выканання ў такі дзень. Выконваючы абавязкі дырэктара Цэнтра беларускай культуры Анатоль Вап урачыста адкрыў канцэрт і прадставіў гасцей вечара.

Гучыць зварот Івонкі Сурвілы: “Але зараз час забыцца на звады і старацца выжыць, праявіць салідарнасць і рабіць усё насуперак спробам рэжыму выставіць Беларусь агрэсарам. Памятаем гэта і няхай Жыве Беларусь!” Старшыня Рады БНР запэўніла, што барацьба за Беларусь не спынена. Пры першай мажлівасці Рада аддасць паўнамоцтвы сапраўднай незалежнай уладзе ў Беларусі.

На сцэну выйшаў ваявода Яцэк Бжазоўскі. Ён падкрэсліў важнасць працы беларусаў Падляшша і беларускай дыяспары. Яцэк Бжазоўскі адзначыў урачыстасць дня, калі паўстае пытанне гістарычнай трываласці беларускай дзяржаўнасці на фоне крызісу і вайны.

Медаль Францішка Скарыны АПК уручаны Ігару Лукашуку.

Павел Латушка перадаў 3000 злотых для Цэнтра беларускай культуры.

Слова бярэ Славамір Назарук, які перадаў віншаванні ад Маршалка Падляшскага ваяводства Артура Касіцкага.

Слова ўзяў Яўген Вапа.

Прайшло ўрачыстае ўручэнне бел-чырвона-белых кветак. Іх традыцыйна ўручаў Яўген Вапа. Букеты былі прысуджаныя:

Адаму Паўлоўскаму – тэхнічнаму рэдактару Тыднёвіка беларусаў у Польшчы «Ніва».
За выдатнае шматгадовае графічна-мастацкае афармленне выданняў нашай беларускай
нацыянальнай меншасці ў Польшчы і яе арганізацый.

Надзеі Салаўёвай – арганізацыйнай душы хаба «Новая зямля» ў Беластоку. За
штодзённую, інтэграцыйную дзейнасць беларускай дыяспары ў карысць нашага рэгіёна і
яго ўсіх жыхароў і адданасць бязмежнай духоўнай Бацькаўшчыне.

Пятру Мулярчыку – сакратару Аб’яднання ў карысць дзяцей і моладзі, якія вывучаюць
беларускую мову «АБ-БА» за грамадскую і юрыдычную дзейнасць на ніве ўсебаковай
адукацыі на роднай мове ў Беластоку і Падляшскім ваяводстве, за адданасць і разуменне
асветных працэсаў у жыцці ўсіх беларусаў у Польшчы.

Андрэю Скепку – старасту Гайнаўскага павета і Яўгену Сачко – старшыні Рады
Гайнаўскага павета, у мінулым выпускніку і былому шматгадоваму дырэктару
Беларускага ліцэя ў Гайнаўцы – за ўсебаковую абарону статутнай,
асветна-нацыянальнай дзейнасці настаўнікаў, бацькоў і вучнаў Гайнаўскага белліцэя
перад адміністрацыйнымі рашэннямі адукацыйных улад па абмежаванні навучання на
роднай мове.

Пачынаецца канцэрт.

Спявае Ілля Сільчукоў.

Юлія Еўтухоўская выконвае арыю Ганны з оперы “Страшны двор” Станіслава Манюшкі.

Пачынаецца другая частка канцэрта.

За фартэпіяна Кірыл Кедук, твор кампазітара Яна Тарасевіча выконвае Ілля Сільчукоў.

“У нас ёсць чым ганарыцца” – так Кедук пракаментаваў творчасць кампазітара з Падляшша.

Салісты спяваюць “Пагоню”, да іх далучыліся ўдзельнікі канцэрту.

Сусветная прэм’ера твора Канстанціна Яськова, фантазіі для фартэпіяна з аркестрам на беларускія тэмы.

У цэнтры – кампазітар Канстанцін Яськоў. Прэм’ера была прынятая вельмі цёпла.

Рамансы Канстанціна Горскага выконвае Classic-Modern Orchestra, спявае Ілля Сільчукоў, апрацоўка твораў – Канстанцін Яськоў.

Чарговая сусветная прэм’ера – канцэрт для флейты, натхнёны Марыяй Калеснікавай аўтарства Сяргея Ліпеня. Выкарыстаныя музычныя матывы Купалінкі. На флейце грае Аляксей Ладзік.

Святкаванне заканчываецца супольным выкананнем “Магутны Божа”.

Салісты, выканаўцы і дырыжор.

* * *

Ад класічнай беларускай музыкі да сучаснасці. Такі падарунак да Дня Волі. Ужо сёння ў Беластоку – урачысты канцэрт “Беларускі музычны краявід. Гісторыя пра волю”. Ён прымеркаваны да 106-ых угодкаў абвяшчэння Беларускай народнай Рэспублікі. Святочным канцэртам у Беластоку займаліся прадстаўнікі Цэнтра беларускай культуры, які нядаўна паўстаў у сталіцы Падляшша. Пра яго канцэпцыю і ідэю, кажа намесніца кіраўніка ўстановы Ілона Карпюк:

– Хочам зрабіць канцэрт, якога яшчэ не было. Вырашылі арганізаваць канцэрт з ухілам у гістарычную музыку. Вядома, што класічная беларуская музыка пачынаецца ад Радзівілаў, Агінскага, Напалеона Орды, Манюшкі і пераходзіць да сучасных капазітараў і музыкі, якая пішацца сёння.

25 – сакавіка, свята якое яднае беларусаў, як і музыка, дадае кіраўнік Цэнтра беларускай культуры ў Беластоку Анатоль Вап, які ахарактарызаваў цалкам праграму ўрачыстасцяў.

– Частка афіцыйнага святкавання і ўлады ваяводства, таксама беларускае асяроддзе з Беласточчыны. Галоўны элемент святкавання і ўрачыстасць гэтага свята. Думаю, што гэта самае важна свята для кожнага беларуса. Таксама такі маштабны канцэрт нагадае, што мы маем культуру, як усе народы, што мы не горшыя.

Праект сфінансаваны, між іншым са сродкаў падляшскай маршалкоўскай управы, у рамках якой дзейнічае Цэнтр беларускай культуры ў Беластоку. Канцэрт ужо сёння ў  Падляшскай філармоніі на вуліцы Падлеснай 2.

Беларускі музычны краявід. ГІСТОРЫЯ ПРА ВОЛЮ

CLASSIC-MODERN ORCHESTRA

Павал Котля – дырыжор

Ілля Сільчукоў – барытон

Юлія Еўтухоўская – сапрана

Кірыл Кедук – фартэпіяна

Аляксей Ладзік – флейта

ПРАГРАМА

Уладзімір Тэраўскі. Гімн «Мы выйдзем шчыльнымі радамі» (верш Макара Краўцова)

Афіцыйная частка

«Гімн-Кант» з “Полацкага сшытка”

Уладзімір Солтан. Вальс з оперы «Дзікае паляванне караля Стаха»

Джаакіна Расіні. Каваціна Фігаро з оперы “Севільскі цырульнік”

Антоній Генрык Радзівіл. «Песня Мефістофеля пра блыху» з оперы «Фаўст»

Станіслаў Манюшка. Арыя камісара Банавентуры Выкрутача з оперы «Ідылія» («Сялянка»)

Арыя Ганны з оперы “Страшны двор”

Арыя мечніка з оперы «Страшны двор»

АНТРАКТ

Станіслаў Манюшка. „Ці ты знаеш старонку?”
Ян Тарасевіч. Раманс для фартэпіяна сола Два рамансы на вершы Максіма Багдановіча для барытона і фартэпіяна: «Даўно ўжо…», «Плакала лета…»
Раманс для фартэпіяна сола
Два рамансы для сапрана і фартэпіяна: “Калыханка” на словы Г. Рышко і “Родны мой краю” М. Канапніцкай (пераклады Васіля Сёмухі)
Мікалай Шчаглоў-Куліковіч. «Пагоня» (верш М. Багдановіча)
Канстанцін Яcькоў. Фантазія для фартэпіяна з аркестрам на беларускія тэмы (сусветная прэм’ера)

Канстанцін Горскі. Два рамансы: «Ой, не цяжкая дарога», «Песня скрухі» (апрацаванне Канстанцін Яськоў)
Станіслаў Манюшка. “Кумікума”
Сяргей Ліпень. Канцэрт для флейты і аркестра (сусветная прэм’ера)

Мікола Равенскі. Гімн «Магутны Божа» (верш Наталлі Арсенневай)

Беларускае Радыё Рацыя