Пагартаем культурны каляндар беларускіх падзей у розных кутках Польшчы на бліжэйшыя дні.
Варшава. У пятніцу, 15 сакавіка, у галерэі “Захэнта” адкрываецца выстава «З попелу », у якой бярэ удзел беларуская мастачка Аляксандра Вялічка. На падзеі сабраныя працы, створаныя пасля 2020. Смешныя і сумныя мемы з’яўляюцца праявай веры ў тое, што прырода і свет людзей маюць характар міфічнага Фенікса, які заўсёды будзе адраджацца з попелу. У многіх творах выкарыстоўваецца лічбавая эстэтыка і новыя тэхналогіі, такія як штучны інтэлект, 3D-дызайн.
У суботу, 16-га сакавіка, у Беларускім Моладзевым Хабе – паказ дакументальнага фільму, які ўжо атрымаў “Оскар”, “20 дзён у Марыупалі”. Карціна распавядае пра тое, як група рэпарцёраў Associated Press прыбывае ў горад за гадзіну да паўнамаштабнага расейскага ўварвання на тэрыторыю Украіны і застаецца там, фіксуючы ўсё, што там адбываецца (у тым ліку пахаванні мясцовых жыхароў, аблогу і знішчэнне горада расейскімі вайскоўцамі). На 21 дзень вайны журналісты выехалі з Марыупаля па гуманітарным калідоры.
Таксама ў суботу ў Варшаве – MAŚLIENICA VARUŠNIAK. Сямейнае музычнае свята. У беларускай традыцыі ўся вёска мусіла сабрацца на гэтую падзею адной вялікай сям’ёй, каб выбачыцца перад суседзямі за крыўды, спаліць пудзіла Зімы і пакінуць усё старое і варожае за парогам старога года. Тут будзе і digital-вогнішча ад Pasha Plaha і перформанс ад Spievy і Kasary, смачныя блінцы, народныя спевы і рытуальнае спальванне пудзіла Зімы. Абяцаюць: 2 сцэны, фудкорт, забаўкі для дзетак і тэхна-рэйв. Сярод выступоўцаў – Shuma, Yegor Zabelov, Papa Bo Selektah, Lear, Chornabrova і іншыя.
Кракаў, субота, 16-га сакавіка – кінапрагляд у “Гутэнберг клубе”.
На гэтым тыдні глядзім і абмяркоўваем кранальны фільм Грэты Гервіг «Лэдзі Бёрд». Кіно пра сталенне і пошук сябе, каханне, сяброўства і складаныя адносіны з бацькамі. Акрамя ўтульнага памяшкання, гасцей чакае гарбатка ды віно.
Таксама ў суботу – акустычны выступ Алеся Лютыча — беларускага музыкі, аўтара песень, гітарыста і вакаліста, франтмэна беларускага рок-гурта :B:N: («Бяз Назвы»). Ён выступаў на шматлікіх фестывалях у Беларусі, Украіне і Польшчы. На канцэрце-кватэрніку Алесь зайграе песні з розных перыядаў сваёй творчасці.
А ва Уроцлаве 16-га сакавіка адбудзецца сустрэча з ксяндзом Вячаславам Барком. Арганізанітары прапануюць пазнаёміцца бліжэй, паразмаўляць ды паспяваць.
Такія падзеі чакаюць бліжэйшым часам. Далучайцеся!
Марына Савіцкая, Беларускае Радыё Рацыя