BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Тэма дня: Свая аўдыторыя

Паэтычны рэпартаж – так акрэсліў свае вершы з Беларускай рэвалюцыі 2020 года паэт Дзмітры Строцаў. Ён быў актыўным удзельнікам маршаў пратэсту, пабываў “на сутках”, і, як па мне, Дзмітры Строцаў зрабіў адно з самых тонкіх і вобразных мастацкіх адлюстраванняў драматызму падзеяў і гераізму духу беларусаў у 2020 годзе.

“Паэтычны рэпартаж” я прычытаў у абвестцы да літаратурнай імпрэзы ў офісе беларускіх дэмакратычных сілаў у сталіцы Чэхіі Празе.

Крыху раней у сталіцы Польшчы Варшаве прэзентавалася кніга дакументальнай прозы Ганны Комар “Калі я выйду на волю”. Ганна таксама атрымала досвед за кратамі “на сутках”. 

І ў 2020 годзе і пазней адміністратыўны арышт, вядомы як “суткі”, гэта не той цёплы лямпавы “прафілакторый”, які шмат хто ведае па савецкай камедыі пра ачкарыка Шурыка. У большасці выпадкаў ідзе гаворка пра катаванні ў большай ці меншай ступені.

І, вядома, творчаму чалавеку дастаткова не так шмат фактуры, каб адчуць тыя ці іншыя з’явы. Таму сведчанні кожнага творцы, незалежна ад колькасці дзён за кратамі, яны вельмі важныя.

Тыя, хто гуляў у рознага кшталту камп’ютарныя гульні ад першай асобы, ведае такі прыём. Вось герой уздымаецца ўзровень за ўзроўнем, пракачваецца, і раптам бац – застаецца з досведам, але без усяго рыштунку. Яму трэба ўсё пачынаць наноў.

Штосьці падобнае адбылося і з беларусамі, якія з насельніцтва сталіся грамадзянскай супольнасцю, але засталіся з голымі рукамі адносна сістэмы. Усё трэба рабіць па-новаму. Напрыклад, ствараць культурнае поле.

Так, ёсць інтэрнэт, але ён толькі праваднік, дый штучны інтэлект за вас паэтычны рэпартаж не зробіць. Для жывой мастацкай рэакцыі ў аўтара мусіць быць жывы кантакт з людзьмі. Якія пасля прыватна ці праз сацыяльныя сеткі падзеляцца сваімі ўражаннямі, і так у аўтара з’явіцца ці пашырыцца свая аўдыторыя.

Беларускае культурнае поле, тое самае, што стваралася апошнія трыццаць гадоў незалежнасці, яно расцярушанае. 

У Беларусі за кратамі дзясяткі людзей культуры, тысячы сышлі ва ўнутранае бежанства.

А ў дыяспарах ідзе пошук свайго поля. Людзі наогул выбудоўваюць новыя канфігурацыі сацыяльных сувязяў, якія ў сваю чаргу базуюцца не толькі на матэрыяльных стасунках, але і эмацыйных.

Далёка не ўсе падрыхтаваліся канчаткова ўкараніцца ў той ці іншай краіне. Шмат хто адчувае сябе ў падарожжы, а не ў эміграцыі.

Гукавы файл:

Севярын Квяткоўскі, Беларускае Радыё Рацыя