BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

У Лондане на базе Скарынаўскай бібліятэкі створаць Даследчы цэнтр беларусазнаўства

25 сакавіка пачала дзейнічаць дамова паміж «Кафедрай міжкультурных даследаванняў Цэнтральнай і Усходняй Еўропы Варшаўскага ўніверсітэту і Беларускай бібліятэкай і музеем імя Ф. Скарыны ў Лондане па супрацы і стварэнні Даследчага цэнтру беларусазнаўства на базе бібліятэкі».

«Бібліятэка мае багаты шматгадовы досвед супрацоўніцтва з індывідуальнымі даследнікамі па ўсім свеце. Але цяпер гэтае супрацоўніцтва становіцца інстытуцыйным. Падпісаная дамова з Варшаўскім універсітэтам — гэта для нас першая, з моманту заснавання бібліятэкі ў 1971 годзе, дамова з інстытуцыяй», — пракаментаваў апякун бібліятэкі Павал Шаўцоў.

Загадчыца кафедры праф. Ёанна Гэтка падкрэсліла важнасць супрацы і для кафедры, паколькі яно дазволіць «студэнтам спалучаць акадэмічныя веды з практычным досведам. У сучасным свеце неабходна ня толькі ведаць, але ўмець на практыцы гэта рэалізоўваць. І калі маем інстытуцыю з такім досведам як у Беларускай бібліятэкі і музея імя Францішка Скарыны, то лепшага партнёра для супрацоўніцтва знайсці немагчыма».

Намеснік загадчыцы кафедрай праф. Юры Грыбоўскі прызнаў, што ў рэгіёне недастатковыя веды «пра Беларусь, якая ёсць часткай Еўропы і ў гістарычным, і ў цывілізацыйным, і ў культурным сэнсе, пра беларускую культуру, яе мінуўшчыну і сучаснасць». Ён адзначыў, што «мэтай супрацоўніцтва, між іншым, з’яўляецца тое, каб гэтую сітуацыю палепшыць і паспрыяць таму, каб асабліва маладое пакаленне, студэнцтва, пачало больш цікавіцца беларускімі праблемамі, датычнымі культуры і гісторыі. Нашая кафедра займаецца гэтым на працягу апошніх гадоў, і падпісаная дамова павінна надаць гэтаму новы імпульс».

Вudzma.org