Пра гэта паведамляе Falcon Club. Сітуацыю там тлумачаць «тэхнічнымі прычынамі».
Паказы былі запланаваныя на 11-13 сакавіка. У іх павінны былі паўдзельнічаць сам Сакураў, а таксама рэжысёр Аляксандр Залатухін. Аляксандр Сакураў збіраўся прадставіць новы фільм «Казка» і фільм «Сонца» 2005 года, а яго вучань Залатухін – фільм «Хлопчык рускі».
«Медуза» нагадвае, што супраць паказу фільмаў Сакурава ў Беларусі выступілі прапагандысты. Сярод іх – Рыгор Азаронак і Вадзім Гігін. Азаронак называў рэжысёра «відавочным праціўнікам» вайны ва Украіне «і ўсяго, што з гэтым звязана». Цяпер жа ён ухваляе рашэнне аб адмене паказаў фільмаў. Радуецца і Гігін. Ён піша ў сваім тг-канале: «Яго прыезд карысці б не прынёс, а вось шкода была б вельмі магчымая. Сустрэча з ім стала б кропкай збору для тых, хто стаіўся, прыстасаваўся, чакае. Ніякага шанцу ім даваць нельга, нават сабрацца разам».
Прэм’ера фільма «Казка» адбылася ў жніўні 2023-га на кінафестывалі ў Лакарна. Яго галоўныя героі – Сталін, Гітлер, Мусаліні і Чэрчыль, якія сустракаюцца ў пекле. Міністэрства культуры Расеі адмовіла ў выдачы пракатнага пасведчання.