BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

У Варшаве беларусам паказалі фільм «20 дзён у Марыупалі»

«American Center Minsk» зладзіў у Варшаве паказы дакументальнага фільма Мсціслава Чарнова «20 дзён у Марыупалі». Карціна прысвечаная баявым дзеянням ва ўкраінскім горадзе і была ўганараваная прэміі «Оскар».

Пра тое, як прайшлі паказы ў Польшчы, а таксама пра іншыя напрамкі дзейнасці «American Center Minsk», распавяла яго менеджарка, сённяшняя Госця Рацыі, імя якой мы не раскрываем у мэтах бяспекі.

— Мы вельмі радыя, наша каманда Амерыканскага цэнтра, што нам удалося арганізаваць два паказы фільма пасля атрымання ім Оскара ў катэгорыі «Найлепшы дакументальны фільм», падрыхтаваць субцітры і паказаць гэты фільм на беларускай пляцоўцы з удзелам таксама беларускага эксперта ў кіно. І зладзіць абмеркаванне і пабыць разам падчас гэтага паказу. Вядома, гэтая стужка зараз даступная для прагляду ў розных стрымінгавых платформах. Некаторыя нават платформы даюць магчымасць паглядзець гэты фільм бясплатна падчас рэгістрацыі.

Але вельмі важныя такія фільмы, як мне падаецца, глядзець разам, калектыўна, каб не заставацца аднаму, сам-насам з пабачаным, а падзяліць гэта і перажыць гэта як калектыўную эмоцыю, пачуць меркаванне беларусаў, якія глядзяць побач з табой, і што важна, на наш першы паказ, які быў, арганізаваны ў Моладзевым хабе, прыйшло больш за 70 чалавек, і там былі не толькі беларусы, але і ўкраінцы.

Адзін з такіх цудоўных проста момантаў быў у канцы абмеркавання, калі дзяўчына з Украіны падзякавала ўсім прысутным. І сказала, што яна жыла з адчуваннем некаторы час, што ўсе забыліся пра Украіну, і ўсім ужо неяк усё адно. Цяпер у зале яна бачыць так шмат неабыякавых людзей, якія памятаюць пра Украіну, пра ўкраінцаў, якія падтрымліваюць Украіну і ўкраінцаў, пры гэтым самі не ёсць украінцамі, і лепшых слоў мы, мусіць, не маглі пачуць. Гэта быў такі момант абсалютнага чалавечага яднання і кантакту, які, магчыма, перарываецца праз нейкія звады ў інтэрнэце, пасады, нейкія неасцярожныя выказванні, магчыма, палітыкаў.

То бок вось гэты момант для мяне, для маёй каманды, арганізатараў было вельмі важна і каштоўна пабачыць, што гэты паказ змог гэтыя чалавечыя адносіны як быццам крышку паправіць. Я не ведаю, што будзе далей. І зразумела, што адным ці двума паказамі мы не можам, мусіць, змяніць нічога глабальна. Але на нейкім сваім роўні невялікай супольнасці я бачу ў гэтых паказах вялікі сэнс.

Цалкам слухайце ў далучаным гукавым файле

«American center Minsk» створаны пры падтрымцы аддзела ўрада ЗША па справах Беларусі ў Вільнюсе.
З мэнэджаркай цэнтру размаўляла нашая карэспандэнтка Марына Савіцкая.

Беларускае Радыё Рацыя