Беларуская бібліятэка беларускай кнігі “Чытальня” паўстала ў Вільні. Цяпер у ёй захоўваецца тры тысячы беларускіх кніг ды створаны чытацкі клуб, – распавяла нашая сённяшняя Госця Рацыі, удзельніца падатковага праекта па самакіраванні мінулага года і аўтарка ідэі стварэння беларускай бібліятэкі, якая перамагла ў праекце па самакіраванні і рэалізацыі, Ірына Мышкавец у гутарцы з Алісай Поль:
РР: Давайце распавядзём пра тое, як з’явіўся такі праект, чаму ёсць такая неабходнасць для беларусаў замежжа ствараць такую бібліятэку?
Ірына Мышкавец: Шчыра кажучы, я проста ўдзельнічала ў праекце па самакіраванні і трэба было прыдумаць нейкую ідэю, на што могуць пайсці тыя грошы, якія былі сабраныя беларусамі. І ў мяне адна з ідэй была – стварыць бібліятэку, бо я пераехала ў Вільню і ў мяне не было магчымасці пайсці ў бібліятэку і замовіць якую-небудзь беларускую кнігу. Патрэбна было ці наноў набываць гэтыя кнігі, ці вырашаць іншымі шляхамі. Напрыклад, удзел у іншых праектах кшталту “Мне не шкада”, дзе людзі даюць свае асабістыя кнігі, каб ты пачытаў і потым вярнуў. Таму мне гэта здавалася актуальнай ідэяй, і вырашана было працаваць у гэтым накірунку.
РР: З якіх крокаў складалася стварэнне такой міні-бібліятэкі?
Ірына Мышкавец: Пляцоўка “Новая Беларусь” якраз такі запусціла пілотны праект па падатковым праекце па самакіраванні, на базе якога былі тыя людзі, якія накіравалі свой адсотак падаткаў на гэты праект ці ахвяравалі там нейкую суму грошай. Яны ўдзельнічалі ў гэтым праекце. Было некалькі этапаў. Першы этап – гэта збор ідэй, на што можна выкарыстаць гэтыя грошы. Пасля збору ідэй было галасаванне, дзе кожны мог паставіць падабайку пад ідэяй, якая яму падабаецца і якая ідэя вартыя тых грошай, якія былі сабраныя. Пасля было ацэньванне, ці адпавядае гэтая ідэя літоўскаму заканадаўству.
Быў першы тур адбору, у які прайшлі дзве ідэі, і з іх адна была па бібліятэцы. Пасля была дапрацоўка, каб ідэі адпавядалі літоўскаму заканадаўству. І пасля гэтага перыяду вызначылася, ёсць толькі адна ідэя, якая адпавядае і падабаецца. І таму яна аўтаматычна стала лідарам. Калі было анансавана, што гэтая ідэя бярэцца ў апрацоўку, пачалася яе рэалізацыя. І тут было цікава, што першапачаткова, калі пачаўся збор гэтых ідэй, то быў вядомы толькі адзін бюджэт – гэта каля 2000. І таму ідэя была мінімальная – невялічкая палічка з беларускімі кнігамі ў беларускай прасторы, але пасля, калі скончыўся ў жніўні гэты працэс, то было зразумела, што мы маем ужо каля 13 000 і трэба было неяк змяняць свой падыход да рэалізацыі бібліятэкі. То бок трэба было рабіць штосьці аб’ёмнае.
Ірына Мышкавец дадала, што “Чытальню” можна падтрымаць праз Цэнтр беларускай супольнасці і культуры, у якім знаходзіцца бібліятэка, а таксама, напрыклад, вылучыць 1,2% ад сваіх падаткаў падчас дэкларацыі падаткаў у Літве праз форму FR0512.
Цалкам гутарку слухайце ў далучаным файле:
Беларускае Радыё Рацыя
Фота: прыватны архіў