BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Украінскі «Оскар», геаграфія трагедый і Аляксандр Тарайкоўскі

«Оскара» за лепшы поўнаметражны дакументальны фільм атрымаў украінскі рэжысёр Мсціслаў Чарноў за стужку «20 дзён у Марыупалі».

Mstyslav Chernov poses for a portrait during the 96th Academy Awards Oscar nominees luncheon on Monday, Feb. 12, 2024, at the Beverly Hilton Hotel in Beverly Hills, Calif. (AP Photo/Chris Pizzello)

Выданне «Наша Ніва» высветліла, што менавіта Мсціслаў Чарноў зрабіў той самы здымак 10 жніўня 2020 году, дзе забіваюць Аляксандра Тарайкоўскага, і дзе бачна, што ў беларускага пратэстоўца няма нічога ў руках. Што зграя ўзброеных людзей без апазнавальных знакаў забівае мірнага чалавека.

Усе, хто сачылі за поўнамаштабным уварваннем Расеі ва Украіну, ведаюць драму партовага гораду Марыупаль, які месціцца ў Данецкай вобласці на беразе Азоўскага мора.

Гэта другі пасля Бучы ўкраінскі горад, які стаўся сімвалам трагедыі ўкраінскага народу, створанай Крамлём наагул і Пуціным персанальна.

Курапаты, Хатынь… Бадай, у кожнай краіне ёсць свае геаграфічныя назвы, якія адначасова сімвалы той ці іншай трагедыі.

Марыупаль знішчылі, там дзясяткі тысяч забітых людзей. Там былі абаронцы «Азовсталі», якім загадалі здацца ў палон. Самім горадам ахвяравалі ў тактычных мэтах. Думаю, для ўкраінцаў наперадзе шмат вывучэння падзеяў найноўшай гісторыі.

Але каб данесці на масавага гледача нейкую канкрэтную думку, патрэбная адна ці некалькі гісторыяў канкрэтных людзей.

Так створаны чалавечы мозг: адно забойства – трагедыя, дзесяць – ужо статыстыка. Што ж казаць калі гаворка пра дзясяткі ці нават сотні тысяч.

Таму на вагу золата ёсць кожнае аўтарскае выказванне, якое раскрывае глыбіню той ці іншай трагедыі.

Таму ў Еўропе краіны не мераюцца колькасцю забітых у барацьбе за свабоду, бо ў еўрапейскіх грамадствах кожнае чалавечае жыццё – бясцэннае.

У беларускай найноўшай гісторыі барацьбы за свабоду першай ахвярай стаўся мянчук Аляксандр Тарайкоўскі. Яго цынічна расстралялі недалёка метро Пушкінская на вачох у шматлікіх людзей. Самы дакладны кадр, які сведчыць пра злачынства, зрабіў украінец Мсціслаў Чарноў. Такая гістарычная повязь назаўжды.

Акрэсціна, Пушкінская, плошча Пераменаў, дзе забілі Рамана Бандарэнку, – гэта наша новая палітычная геаграфія.

Насамрэч, месцаў пакутаў за справядлівасць значна болей.

Фільм пра зламаныя лёсы нязломных беларускіх людзей яшчэ чакае сваіх аўтараў.

Севярын Квяткоўскі, Беларускае Радыё Рацыя