BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Вольга Вялічка распавяла, як паўстала яе кніга «Ад двух да пятнаццаці. Мая мама ў турме»

«Ад двух да пятнаццаці. Мая мама ў турме». Прэзентацыя гэтай кнігі гарадзенскага псіхолага Вольгі Вялічка адбываецца цяпер у розных гарадах, дзе жывуць беларускія дыяспары. Падзея выклікае немалы водгук у аўдыторыі. На сустрэчы прыходзяць і тыя, што перажыў арышты, часам – на вачах у дзяцей.

Пра кнігу, светапогляд маладога пакалення і дапамогу яму Вольга Вялічка распавяла нашай карэспандэнтцы Марыне Савіцкай.

РР: Як з’явілася ідэя гэтай кнігі?

У мяне не было ніколі мары напісаць кніжку. Я марыла і мару пра іншыя рэчы. Але 2 гады працуючы з дзецьмі палітзняволеных мне патрэбна было рабіць прафесійныя запісы як ідзе тэрапія з дзецьмі, якія прайшлі праз даволі складаныя выпрабаванні, калі ў іх забралі аднаго ці адразу абодвух бацькоў. І запісваючы за дзецьмі казкі, думкі, часта сны, я пачала заўважаць, што гэта ператвараецца ў нейкія гісторыі. Мы размаўлялі з калегамі журналісты пра пэўныя рэчы ў нармальным працоўным жыцці.

Яны кажуць мне: «слухай, было б класна пра гэта напісаць». І я заўсёды казала, што там няма пра што пісаць, што там шмат памылак, нават коскі не пастаўленыя, і нават я не заўсёды магу разабрацца, што там напісана. Спачатку адзін чалавек сказаў, потым другі, трэці. У мяне гэтая думка засела. Я запытала ў некаторых бацькоў. Яны сказалі, што ім было бы вельмі важна, каб гэтыя моманты былі зафіксаваныя. Я чалавек, які вельмі сумняецца, і я пачала думаць, што калі гэта рабіць, то трэба рабіць якасна.

У мяне былі сумневы ў сваіх здольнасцях, і наогул, ці гэта будзе цікава. У мяне была магчымасць адправіць свае працоўныя запісы з памылкамі нашай шаноўнай першай нобэлеўскай лаўрэатцы Святлане Алексіевіч. Яна адпісала да тэксту: «Каб гэта стала кніжкай».

Яна была для мяне такім штуршком, і пасля гэтага мы з калегамі пачалі думаць як знайсці рэдактараў, выдавецтва, то бок пачаўся такі вельмі новы этап таго, чаго я не ведала, таму што выдаць кніжку гэта як аказалася цэлы сусвет. І самае галоўнае, чаго я не хацела рабіць. Я вельмі ўдзячная сваім сябрам, калегам, што яны падштурхоўвалі мяне да гэтага. Таксама я вельмі ўдзячная сваім дзецям, што яны ўсё дзяцінства пагаджаліся дзяліць мяне з іншымі дзецьмі.

Цалкам размову слухайце ў далучаным файле:

Прэзентацыя кнігі «Ад двух да пятнаццаці: Мая мама ў турме» у Варшаве адбылася ў Музеі Вольнай Беларусі.

Беларускае Радыё Рацыя